viasna on patreon

Беларусь абвяргае абвінавачванні ў адвольных затрыманнях жанчын-праваабаронцаў

2021 2021-01-13T16:49:58+0300 2021-01-13T18:57:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitviyazni_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя Аліны Шаховіч

Ілюстрацыя Аліны Шаховіч

Урад Беларусі адказаў на сумесны ліст ад 23 кастрычніка 2020 года, накіраваны шэрагам механізмаў і экспертаў ААН, якія патрабавалі тлумачэнняў у сувязі з адвольным затрыманнем і судовым пераследам жанчын-праваабаронцаў Марыны Дубінай, Ірыны Сухій і Марфы Рабковай.

Ліст падпісалі намесніца старшыні Працоўнай групы па адвольных затрыманнях Эліна Штэйнертэ, Спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, Спецыяльны дакладчыка па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клеман Ньялетсосі Вуль, Спецыяльная дакладчыцы па становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар і старшыня-дакладчыца Працоўнай групы па пытаннях дыскрымінацыі жанчын і дзяўчат Элізабэт Бродэрык.

У афіцыйным адказе беларускія чыноўнікі апраўдваюць адміністрацыйнае затрыманне Марыны Дубінай і Ірыны Сухій, а таксама крымінальны пераслед Марфы Рабковай як “законны”, спасылаючыся на правапарушэнні, якія праваабаронцы нібыта здзейснілі.

Пры гэтым, прадстаўнікі ўраду праігнаравалі заявы аб ужыванні відавочна незаконных сродкаў супрацоўнікамі міліцыі, якія іх затрымлівалі, а таксама шматлікія працэсуальныя хібы, пра якія паведамлялі актывісты.

У прыватнасці, пры затрыманні выканаўчай дырэктаркі “Экадома” Марыны Дубінай 8 верасня ў цэнтры Мінска супрацоўнікамі МУС быў выкарыстаны слезацечны газ. Акрамя таго, адміністрацыйны пратакол супярэчыў рэальнасці, паколькі ў дзень меркаванага правапарушэння актывістка знаходзілася ў іншым горадзе — Брэсце. Суддзя, аднак, вырашыў праігнараваць гэты факт і асудзіў Дубіну да 13 дзён арышту.

Старшыня праўлення “Экадома” Ірына Сухій была затрыманая 6 верасня за ўдзел у мірным маршы салідарнасці жанчын 29 жніўня. Сухій затрымлівалі невядомыя ў цывільным, якія правялі ператрус у яе кватэры і канфіскавалі ноўтбук і жорсткі дыск, а таксама іншыя рэчы. У кватэры яе дачкі таксама быў праведзены ператрус. У выніку праваабаронца была асуджаная на 5 дзён арышту.

Каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ "Вясна" Марфа (Марыя) Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску. На яе і яе мужа напалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Супрацоўнікі ГУБАЗіК прымянілі фізічную сілу супраць праваабаронцы і яе мужа, прымусіўшы іх легчы тварам на зямлю.

Пасля гэтага Рабкову і яе мужа супрацоўнікі разлучылі і змясцілі ў розныя мікрааўтобусы. Муж праваабаронцы быў дастаўлены ў іх кватэру, дзе супрацоўнікі правялі ператрус і канфіскавалі асабістыя рэчы пары, у тым ліку дакументы, грошы і мабільныя тэлефоны. Пасля гэтага ён быў дастаўлены ў ГУБАЗіК, дзе яму на галаву надзелі мех, дапыталі і пагражалі змясціць у ізалятар часовага ўтрымання. У рэшце рэшт ён быў вызвалены ў той жа дзень.

Марфу Рабкову даставілі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе яе дапыталі і затрымалі. На наступны дзень правялі дадатковы допыт, пасля чаго Марфу перавялі ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага, дзе яна знаходзіцца да гэтага моманту. Яе адвакат не прысутнічаў ні на адным допыце.

25 верасня Марфе Рабковай было прад'яўлена абвінавачанне паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках). Санкцыя артыкула прадугледжвае магчымае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў.

Раней Марфа Рабкова атрымлівала пагрозы, у тым ліку з боку прадстаўнікоў ГУБАЗіК, у сувязі з яе праваабарончай дзейнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства