"Яго зачыняюць у металічную клетку". Адвакаты нарэшце сустрэліся з палітвязнем Мікалаем Дзядком
Упершыню з 18 снежня адвакатаў дапусцілі ў СІЗА да палітзняволенага адміністратара телеграм-канала «Мікоlа» Мікалая Дзядка. Пра гэта паведаміла TUT.BY ягоная адвакатка Наталля Мацкевіч.
"Стан здароўя ў яго нармальны, настрой бадзёры, — распавялаНаталля Мацкевіч. — За апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў. Ён ведае пра хвалю салідарнасці людзей з ім, захоплены і шчаслівы, ад душы ўдзячны тым, хто падтрымаў і перажывае за яго.
Тым не менш у абароны ёсць падставы для турботы. За час знаходжання ў СІЗА Мікалай змяніў некалькі камер з-за канфліктаў з сукамернікамі. Мікалай Дзядок лічыць, што сітуацыя можа пагоршыцца".
Па словах адваката, умовы сустрэч Мікалая з абаронай у СІЗА на Валадарскага не забяспечваюць умоў для аказання эфектыўнай юрыдычнай дапамогі.
"Апошні месяц для гэтых сустрэч вылучаюць толькі спецыяльна абсталяваны кабінет, дзе Дзядка замыкаюць у металічную клетку, якая яшчэ і герметычна зачыненая пластыкавымі панэлямі. Гэта выключае магчымасць перадаваць запісы і дакументы, а каб размаўляць праз аргшкла, даводзіцца павышаць голас. Гэта ставіць пад сумнеў ўмова прыватнасці. Пры гэтым у СІЗА ёсць іншыя кабінеты. Але для зносін з Дзядком яны адвакату не прадастаўляюцца. З чым звязана такое дыскрымінацыйнае і зневажальнае стаўленне, адміністрацыя не тлумачыць. Аб'ектыўных і разумных падстаў да гэтага няма, улічваючы, што блогер абвінавачваецца ў здзяйсненні менш цяжкага, негвалтоўнага злачынства", — кажа Наталля Мацкевіч.
Абарона Мікалая Дзядка адправіла скаргу на абставіны сустрэч з падабаронным ва ўпраўленне Дэпартамента па выкананні пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і ў пракуратуру горада Мінска. Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да Спецдакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн і Спецдакладчыка па катаваннях Нільса Мельцэра і заклікалі іх умяшацца ў сітуацыю з Мікалаем Дзядком.
Да Мікалая Дзядка два тыдні не пускаюць адвакатаў. Праваабаронцы звярнуліся да Спецдакладчыкаў ААН
Нагадаем, блогера і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Паводле звестак МУС, дома ў блогера знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, «прызначаныя для фінансавання ўдзельнікаў пратэстаў», а таксама «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі (кактэйлі Молатава), улёткі, налепкі». Таксама пасля затрымання блогера быў узламаны яго Telegram-канал "Mikola", дзе налічвалася каля 15 тысяч падпісчыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад кантролем сілавікоў. Міколе Дзядку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.
22 снежня з розных, не звязаных паміж сабой крыніц, родным палітвязня стала вядома, што яго жыццю і здароўю пагражае небяспека. Amnesty International звярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па праверцы інфармацыі пра пагрозы жыццю і здароўю Мікалая Дзядка і расследаваць парушэнне яго права на доступ да абаронцы, а таксама на атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі.
Падтрымаць палітвязня можна лістаміс: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.