viasna on patreon

Мінчанку, затрыманую па справе чата "Кантроль аўтазакаў Мінск", зноў судзяць. Гэтым разам – за хуліганства і непадпарадкаванне

2021 2021-01-04T14:38:49+0300 2021-01-04T14:38:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/admin-1412.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Савецкага раёна Мінска 31 снежня разглядаў чарговую адміністрацыйную справу супраць Ганны Аленскай, затрыманай па справе чата "Кантроль аўтазакаў Мінск". У гэты раз яе судзілі за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Мінчанку абвінавачвалі ў тым, што ў яе 29 снежня, пасля вызвалення з 15-сутачнага арышту за ўдзел у Маршы "Народны ультыматум", у будынку РУУС Савецкага раёна, куды яна была накіраваная на прафілактычную гутарку, нібыта адбыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, пасля якога яна аказала супраціў пры затрыманні. У судзе разгляд справы 25-гадовай Ганны прыпынілі, а яе накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. Вядома, што крымінальная справа супраць Ганны Аленскай не ўзбуджаная, хоць 14 снежня супрацоўнікі ГУБАЗіКа яе затрымлівалі як адміністратарку телеграм-чатаў "Кантроль аўтазакаў Мінск" і "Кантроль лашкоў-петушкоў", а ў кватэры правялі ператрус, у выніку якога вынялі ноўтбук і тэлефон. 

Ганна Аленская / Кадр з відэа​
Ганна Аленская / Кадр з відэа​

Нагадаем, 16 снежня суд Савецкага раёна асудзіў 25-гадовую Ганну Аленскую на 15 сутак па арт 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. Пры гэтым 14 снежня Аленскую затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК менавіта як адміністратарку тэлеграм-чатаў "Кантроль аўтазакаў Мінск" і "Кантроль лашкоў-петушкоў". 14 снежня ГУБАЗіК адсправаздачыўся аб затрыманні Аленскай: 

"Праваахоўнікі раскрылі адну з адміністратараў ТГ-каналаў, якая з сярэдзіны лета 2020 года кіруе каналам "Кантроль аўтазакаў Мінск" (10930 падпісчыкаў) і спадарожным чатам "Кантроль лашкоў-петушкоў" (1240 падпісчыкаў)".

29 снежня ў Аленскай скончыўся 15-сутачны адміністрацыйны арышт паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у Маршы 25 кастрычніка, але на волю яна так і не выйшла. У Ганны 29 снежня, пасля вызвалення з 15-сутачнага арышту за ўдзел у Маршы "Народны ультыматум", у будынку РУУС Савецкага раёна, куды яна была накіраваная на прафілактычную гутарку, нібыта адбыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, яна нахаміла ім, пасля чаго яна нібыта аказала супраціў пры затрыманні. На Аленскую супрацоўнікі Савецкага РУУС склалі два новых пратаколы – па арт. 17.1 і 23.4 КаАП.  На падставе іх Ганну зноў затрымалі да суда і адправілі ў ізалятар на Акрэсціна.

31 снежня дзяўчыну судзілі праз скайп. Справу мінчанкі разглядаў суддзя суда Савецкага раёна Сяргей Шаціла. Адвакат у судзе папрасіў далучыць да матэрыялаў справы відэазапіс з допытам Аленскай, які быў размешчаны ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКа. Па яго словах, менавіта з-за гэтага Ганну ўтрымліваюць увесь гэты час у ізалятары.

Па хадайніцтве адваката, суд прызначыў Ганне Аленскай амбулаторную судова-псіхіятрычную экспертызу. Разгляд адміністрацыйнай справа прыпынены на час правядзення экспертызы. 1 студзеня, па заканчэнні 72 гадзін з моманту затрымання, Ганну Аленскую адпусцілі дадому з ізалятара на Акрэсціна. Чакаецца, што разгляд адміністрацыйнай справы Аленскай будзе працягнуты пасля прыняцця экспертамі заключэння. 

Ганна Аленская распавяла, што пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа ёй пагражалі крымінальнай справай. Падчас допыту ў яе пыталіся пра фінансаванне телеграм-чатаў "Кантроль аўтазакаў Мінск" і "Чат лашкоў-петушкоў". Ганна адзначыла, што ў адносінах да яе не ўжывалі фізічны гвалт – "толькі псіхалагічны".

"Я проста вельмі хачу памыцца і свежага паветра"

15-сутачны арышт Ганна Аленская адбывала на Акрэсціна. Падчас перапынку Ганна распавяла, што за два тыдні арышту яе ні разу не выводзілі ні ў душ, ні на прагулку.

"Я зусім не перажываю з-за Новага года. Я проста вельмі хачу памыцца і свежага паветра. Гэтага вельмі моцна не хапае", – сказала праз скайп Ганна.

Таксама па словах дзяўчыны, у яе былі праблемы з карэспандэнцыяй. Яна сказала, што за ўвесь час арышту ёй не перадалі ніводнага ліста. Хоць, па словах яе маці, дачцэ шмат пішуць лістоў, яе падтрымліваюць. Ганна таксама адпраўляла маме лісты, але яна іх так і не атрымала.

Акрамя гэтага, да Аленскай у ІЧУ на Акрэсціна не пускалі адваката. Асноўная прычына – абмежаванні з-за каранавіруса.

Адміністратарку тэлеграм-чата «Контроль автозаков Минск» асудзілі на 15 сутак за ўдзел у Маршы

Затрыманую супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 14 снежня ў Мінску адміністратарку тэлеграм-чатаў «Контроль автозаков Минск» і «Чат лошков-петушков» 25-гадовую Ганну Аленскую суд Савецкага раёну арыштаваў на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. Дзяўчына на дадзены момант знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Ці ўзбуджаная супраць яе крымінальная справа – невядома, бо за кратамі яна цяпер знаходзіцца на падставе прысуджанага ёй адміністрацыйнага арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства