Суды над удзельнікамі акцый пратэсту, затрыманні і палітычны пераслед. Хроніка за 26 снежня Дакумент Дапоўнена
26 снежня ў Беларусі працягваюцца адміністрацыйныя суды над удзельнікамі мірных акцый, адбываюцца затрыманні, працягваецца ціск на грамадзян за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу.
У дачыненні да затрыманых 22 снежня заснавальніцы беларускага “Прэс-клуба” Юлі Слуцкай, праграмнага дырэктара Алы Шарко, дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі “Прэс-клуба” Сяргея Якупава і аператара Пятра Слуцкага (сын Юліі Слуцкай) абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Пра гэта паведаміў БелаПАН адвакат Антон Гашынскі.
Увечары 25 снежня скончыліся 72 гадзіны з моманту іх затрымання, за якія ім маглі прад'явіць абвінавачванне, прымяніць па заканчэнні гэтага тэрміну якую-небудзь меру стрымання або вызваліць.
Паводле інфармацыі адваката, кіраўніцтва і супрацоўнікі “Прэс-клуба” з'яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе па ч.2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Асабліва буйным памерам па гэтым артыкуле прызнаецца нявыплата, якая ў 3.500 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні (27 рублёў).
Абвінавачанне можа быць прад'яўлена фігурантам на працягу 10 дзён. Стала вядома, што Шарко 25 снежня перавялі ў СІЗА №1.
Паўлу Севярынцу ў чарговы раз працягнулі ўтрыманне пад следствам па заведзенай на яго крымінальнай справе. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку яго жонка Вольга Севярынец. Следства працягнутае да 20 лютага 2021 года.
Уначы 26 снежня ў вёсцы Лескаўка Бараўлянскага сельскага Савета быў затрыманы Мікалай Кавалёў.
У Мінску адбыліся затрыманні.
"Навагодняя прабежка Дзядоў Марозаў з раздачай цукерак дзецям па шляху. Без палітычных лозунгаў і сцягоў. Даслалі 4 бусы сілавікоў. Быў разгон і хапун у раёне вуліц Васняцова і Райніса. Дакладна затрымалі 2 удзельніц прабежкі",— паведамляе чытачка @nashaniva.
Папярэдне вядомыя прозвішчы жанчын: Загурская і Сераглазава.
У Мінску затрыманы таксама Дзмітрый Канапелька.
Цягам дня супрацоўнікі міліцыі затрымалі яшчэ некалькі чалавек:
Давыдовіч Сяргей,
Шатун Аляксей,
Коваль Ганна,
Бранавіцкі Іван.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Таксама 26 снежня раённыя суды Мінска і іншых гарадоў працягваюць праводзіць пасяджэнні па адміністрацыйных справах у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Аднак фактычна суды сёння праходзяць у закрытым рэжыме: назіральнікам кажуць, што суды 26 снежня не працуюць. Хаця ніжэйпрыведзены дакумент сведчыць пра адваротнае.
Інфармацыя будзе дапаўняцца