“Вясна” атрымала Польскую прэмію імя Сержыу Віера дзі Мелу
Асацыяцыя Віла Дэцыя дзясятага снежня ў 17-ты раз абвясціла лаўрэатаў Польскай прэміі імя Сержыу Віера дзі Мелу. У катэгорыі “Няўрадавая арганізацыя” лаўрэатам стаў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Урачыстае ўручэнне адбылося ў рэжыме анлайн.
Капітулія ўзнагароды без ваганняў ведала, што “Вясна” заслугоўвае асаблівай адзнакі, падкрэсліў Павал Радомскі, дырэктар Дэпартаменту злучаных народаў і правоў чалавека Міністэрства замежных спраў Польшчы:
""Вясна" ўжо амаль 25 гадоў дапамагае ахвярам рэжыму. Зараз, калі рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць сваіх грамадзян сталі масавымі, роля “Вясны” – ключавая. Арганізацыя дзякуючы заангажаванню сваіх валанцёраў сабрала сведчанні пацярпелых і рэпрэсаваных асобаў, збірае спісы затрыманых. Асобы, якім дапамагла “Вясна”, можна лічыць у тысячах”, – адзначыў Павал Радомскі.
Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі на ўручэнні прэміі нагадаў, што ўся гісторыя “Вясны” была моцна звязана з гісторыяй Беларусі:
“Ці займаліся б мы працай па абароне правоў у Беларусі, калі б ведалі, што яна зацягнецца на 26 гадоў? Калі б ведалі, што 17 гадоў зь іх “Вясна” будзе існаваць без рэгістрацыі, што дзясяткі нашых калег будуць выкінутыя з працы, пройдуць праз суды, вобшукі, застануцца без сацыяльнага забеспячэння? Дзяржава рабіла ўсё, каб змаргіналізаваць праваабаронцаў, звесьці уплыў “Вясны” на хаду падзей у грамадзтве да нуля. Але мы ўпарта не пагаджаліся і працавалі далей. […]
І вось прыйшоў гэты час, 2020 год, калі загаварыў народ. Сотні тысяч людзей выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыцяў на выбарах, супраць гвалту і патрабаваць пакараць злачынцаў, вінаватых у катаваннях. Улада захісталася, але пакуль што ўтрымалася, дзякуючы яшчэ большаму ўзроўню рэпрэсіяў і абмежаваньняў. […] У гэты складаны час праца “Вясны” аказалася як ніколі патрэбнай. У апошнія месяцы да нас прыйшлі сотні валанцёраў”.
Алесь Бяляцкі таксама перадаў гарачыя прывітанні тым, хто атрымаў таксама 17-ую прэмію імя Сержыу Віера дзі Мелу: гэта Хусейн Каро Ібрахім Альгаідзі, абаронца езідаў у Курдыстане, а таксама вязень Аўшвіца і Бухенвальду Марыян Турскі.
Сержыу Віера дзі Мелу быў бразільскім дыпламатам і Высокім Камісарам па правах чалавека ААН у 2002—2003 гг. Загінуў у выніку выбуху будынка ААН у Багдадзе 19 жніўня 2003 года.