WATCH DOCS Belarus запрашае на прагляды фільмаў пра правы чалавека Відэа
З 8 па 13 снежня ў Мінску праходзіць традыцыйны фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus. У гэтым годзе тэма фестывалю - "Паважаныя грамадзяне".
"Прававая дзяржава заснавана на павазе да грамадзянскіх правоў і свабод. У гэтым годзе беларусаў часцей, чым калі-кольвек, называюць "паважанымі грамадзянамі". Мы сабралі самыя актуальныя дакументальныя працы аб "паважаных грамадзянах" у Беларусі і за яе межамі. Мы паказваем фільмы пра паважаных лекараў, паважаных людзей з асаблівымі патрэбамі, паважаных работнікаў культуры і многіх іншых паважаных грамадзян у Беларусі і па ўсім свеце", - адзначаецца на сайце WATCH DOCS Belarus.
У межах фестываля прадугледжваюцца прагляды конкурсных фільмаў, сустрэчы з рэжысёрамі і кінаноч.
З поўнай праграмай можна азнаёміцца на сайце.
Як гэта — ладзіць фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека ў часы прававога дэфолту, чым адметныя сёлетнія фільмы, якія можна паглядзець у Галерэі TUT.by і культурным цэнтры "Корпус"? Пра гэта ды іншае Еўрарадыё паразмаўляла з дырэктаркай кінафэсту WATCH DOCS Belarus Таняй Гацура-Яворскай.
У мэтах зніжэння рызыкі заражэння COVID-19 усе наведвальнікі фестывалю будуць:
- вымяраць тэмпературу на ўваходзе бескантактным градуснікам;
- праходзіць у памяшканне праз дэзінфікуючую рамку, распрацаваную беларускай кампаніяй EnCata;
- забяспечаныя аднаразовымі маскамі;
- забяспечаныя шматразовымі ахоўнымі шчыткамі, якія будуць апрацоўвацца антысептыкам перад кожным выкарыстаннем;
- пасаджаныя на бяспечную дыстанцыю.
Уваход на паказы — вольны для ўсіх.
WATCH DOCS Belarus - міжнародны фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека, які з 2015 года рэгулярна праходзіць у Мінску, а таксама ў рэгіянальных гарадах Беларусі.
Мэта фестывалю - асвета ў галіне абароны правоў чалавека і свабод, павышэнне ўзроўню грамадзянскай актыўнасці і сумеснае развіццё і папулярызацыя дакументальнага кіно пра правы чалавека.
З моманту заснавання фестывалю абавязковым і важным кампанентам правядзення мерапрыемстваў з'яўляецца краўдфандынг, галоўная рухаючая сіла - гэта валанцёры.