Хроніка палітычнага пераследу 2 снежня Дапоўнена
Другога снежня "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, новыя крымінальныя справы, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Раніцай у кватэру Дзмітрыя Высоцкага спрабавалі патрапіць невядомыя ў цывільнай вопратцы, якія прадстаўляліся міліцыяй. Мужчына выклікаў міліцыю па тэлефоне. Праз паўгадзіны выкліканыя супрацоўнікі ў форме зайшлі з невядомымі ў кватэру і знялі сцяг з балкона. Дзмітрыя Высоцкага затрымалі, верагодна ён быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС г. Мінска.
Вядома, што быў затрыманы Аляксей Цеплякоў. Яго адвезлі ў Савецкі РУУС.
Паведамляецца і пра затрыманне Ігара Рудчыка. Дзе знаходзіцца мужчына пакуль невядома.
TUT.BY піша ў сваім тэлеграм-канале, што ў мікрараёне Лябяжый з раніцы затрымліваюць жыхароў, у вокнах кватэр якіх вывешаныя бела-чырвона-белыя сцягі.
Каля 13 гадзін у МДЛУ быў затрыманы Данііл Казімірскі. Таксама былі затрыманыя Карына Вайс і 75-гадовая Ларыса Лепіхава.
Брэст
Сёння ў Брэсце павінен быў адбыцца суд над праваабаронцам Уладзімірам Вялічкіным нібыта за неаплачаны штраф за адміністрацыйнае правапарушэнне. Праваабаронца звяртаўся ў аддзел выканаўчай вытворчасці з дакументамі, што штраф быў сплочаны ў адпаведны тэрмін. У выніку АВВ адклікаў позву і суд пакінуў справу Уладзіміра Вялічкіна без разгляду.
Гомель
Як паведамляе Радыё Свабода, на гомельскага валанцёра Іллю Міронава міліцыя склала пратакол па артыкуле 17.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмізму). Такой «прадукцыяй з заклікамі» міліцыя палічыла здымак Іллі, на якім ён у футболцы з чэрапам.
Міліцыя напісала ў пратаколе, што Ілля Міронаў «з дапамогай сацыяльных сетак публічна дэманструе і распаўсюджвае кампазыцыю ў выглядзе эмблемы СС часоў Трэцяга Рэйху ў выглядзе чэрапа са скрыжаванымі косткамі, які з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам».
Валянцёр не прызнае віны.
Інфармацыя будзе дапаўняццца