viasna on patreon

Суд абавязаў Мінюст растлумачыць рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі

2020 2020-11-27T21:13:17+0300 2020-11-27T21:17:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pylchanka_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Пыльчанка (у цэнтры) перад паседжаннем камісіі 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY

Аляксандр Пыльчанка (у цэнтры) перад паседжаннем камісіі 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY

26 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбылося папярэдняе паседжанне па разглядзе скаргі абаронцы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыка, адваката Аляксандра Пыльчанкі на рашэнне Мінюста аб спыненні дзеяння яго ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.

Суддзя Іна Ялавая старшынствавала па справе, бок Мінюста прадстаўлялі вядучы рэферэнт Упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання Аксана Рэлява і кансультант Упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання Алена Шаўчонак. ПЦ "Вясна" схадзіў на паседжанне і прыводзіць самыя цікавыя моманты з працэсу.

Довады скаргі

На думку Аляксандра Пыльчанкі, рашэнне Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння ягонай ліцэнзіі адваката з'яўляецца неправамерным. Згодна з заключэннем кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, Пыльчанка здзейсніў дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру: у інтэрв'ю TUT.BY дапусціў выказванні, якія "з'яўляюцца некампетэнтнымі, уводзяць грамадскасць у зман адносна паўнамоцтваў дзяржаўных органаў і фактычна заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў".

Як адзначыў Аляксандр Пыльчанка ў скарзе, адсутнасць якога-небудзь абгрунтавання высноў кваліфікацыйнай камісіі сведчыць аб іх неабгрунтаванасці, галаслоўнасці і надуманасці. Улічваючы, што ў заканадаўстве не ўстаноўленыя крытэрыі дзеянняў, якія дыскрэдытуюць адвакатуру, рашэнне Міністэрства юстыцыі з'яўляецца адвольным.

Аляксандр Пыльчанка ў скарзе таксама паказаў, што рашэнне Міністэрства юстыцыі па працэдуры несумяшчальнае з прынцыпам незалежнасці адвакатуры, паколькі дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі якіх-небудзь парушэнняў у дзейнасці адваката не ўсталёўвала. Рашэнне Мінюста таксама супярэчыць Канстытуцыі, паколькі падставай для спынення дзеяння ліцэнзіі сталі выказванні адваката ў СМІ – рэалізацыя яго канстытуцыйнага права на свабоднае выказванне меркавання: рашэнне Мінюста фактычна з'яўляецца пакараннем за выказванне прафесійнага меркавання.

Крытэрыі ацэнкі дзеянняў адваката

Аляксандр Пыльчанка прасіў суд прызнаць рашэнне аб спыненні дзеяння яго ліцэнзіі неправамерным, абавязаць Мінюст ліквідаваць парушэнне шляхам прыняцця рашэння аб аднаўленні дзеяння ліцэнзіі. Прадстаўнікі Мінюста патрабаванні Аляксандра Пыльчанка не прызналі і паведамілі суду, што дадзеныя патрабаванні не падлягаюць задавальненню.

Пасля адпаведных пытанняў адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі Дзмітрыя Лаеўскага і Яўгена Пыльчанкі прадстаўнік Мінюста Алена Шаўчонак патлумачыла, якія выказванні Пыльчанкі сталі прадметам для разгляду пытання аб спыненні дзеяння ягонай ліцэнзіі: з імі можна азнаёміцца ў прымацаваным дакуменце. Таксама там прыведзеныя пытанні, па якіх абарона Аляксандра Пыльчанкі апытвалі прадстаўніцу Мінюста: пры адказе на іх высвятляецца, што крытэрыяў ацэнкі дзеянняў адваката няма.

Пытанне: "Па якіх крытэрыях ацэньваецца кампетэнтнасць адваката?"

Адказ: "Не зразумела пытанне".

Пытанне: "Як ацаніць правіну, ці прадугледжаныя крытэрыі для ацэнкі ўчынку як дыскрэдытуючага?"

Адказ: "Не, не прадугледжаныя".

У сувязі з тым, што пратаколу пасяджэння кваліфікацыйнай камісіі не вялося, а ў суда не маецца інфармацыі, чым менавіта матываванае рашэнне кожнага члена камісіі, абарона Аляксандра Пыльчанкі заявіла хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведак тых членаў камісіі, якія галасавалі за спыненне дзеяння ліцэнзіі, каб даведацца на аснове якіх звестак і крытэрыяў іх голас прывёў да заключэння камісіі, прынятага ў аснову рашэння Мінюста (Міхалёва Т. Н., Старавойтаў А. М., Грэйба і. С., Цішчанка Ж. В., Старавойтаў Н. М., Падлеская Д. А., Шаўчонак А.В., Рэлява О.А., Каваленка Д.В., Пінтусава Г. Л., Бахорына Д.І.). Суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва.

Даць тлумачэнні

У выніку суд абавязаў Мінюст да дзясятага снежня прадставіць пісьмовыя тлумачэнні, у якіх будзе выкладзена абгрунтаванне рашэння, якое абскарджваецца, і пазіцыя па скарзе, а таксама запатрабавала ў Мінюста заяву Пыльчанкі аб допуску адвакатаў на пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі, якое было пададзенае 15 кастрычніка перад пасяджэннем кваліфікацыйнай камісіі і ў задавальненні якога было адмоўлена.

Асноўнае пасяджэнне прызначанае да разгляду ў 11 гадзін 23 снежня.

Суд абавязаў Мінюст растлумачыць рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства