viasna on patreon

Дзяўчыну асудзілі на 25 сутак: на судзе яна распавяла, што цяжарная

2020 2020-11-16T19:22:57+0300 2020-11-16T19:22:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja--zala-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

16 лістапада суддзя Фрунзенскага суда Андрэй Млечка асудзіў на 25 сутак адміністрацыйнага арышту мінчанку Вікторыю, затрыманую напярэдадні на плошчы Пераменаў: на судзе яна распавяла, што цяжарная.

Суд праходзіў па скайпе. Затрыманая распавяла, што яна не ўдзельнічала ў мерапрыемстве і не супраціўлялася пры затрыманні, як гэта паказана ў пратаколе. А яшчэ – што яна цяжарная. Але паколькі атрымала станоўчы тэст толькі напярэдадні, стаць на жаночую кансультацыю проста не паспела.

"Такі прэцэдэнт мог здарыцца падчас "канвеернага" правасуддзя, калі на аднаго чалавека ў судзе адводзіцца не больш за пяць хвілін, – адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка. – Да таго ж, суд па скайпе заканадаўствам не прадугледжаны, больш за тое – такая форма адпраўлення правасуддзя перашкаджае рэалізацыі шэрагу правоў: па скайпе судзяць у ізалятары, адкуль дзяўчына фактычна пазбаўляецца магчымасці прадастаўляць свае доказы".

Дзяўчыну асудзілі паводле двух артыкулаў ПІКаАП: ч. 3 арт. 23.34 і арт. 23.4, і шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў (15+15 сутак) прысудзілі да 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд таксама адхіліў хадайніцтва аб выкліку маці дзяўчыны ў якасці сведкі.

Аднак згодна з ч. 2 арт. 6.7 КаАП, адміністрацыйны арышт забараняецца ўжываць у дачыненні да цяжарных жанчын. Таксама ў дзевятым пункце пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 25.09.2014 #15 «Аб прымяненні судамі норм Агульнай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» гаворыцца:

«Пры вырашэнні пытання аб накладанні спагнання ў выглядзе арышту, суду варта высвятляць, ці не адносіцца асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, да асоб, названых у ч. 2 арт. 6.7 Каап, да якіх прымяненне арышту забаронена».

Аляксей Лойка падкрэслівае, што ў такім выпадку сваякам дзяўчыны неабходна тэрмінова знайсці абаронцу, які абскардзіць пастанову суда, грунтуючыся на дадзеных нормах заканадаўства.

"У гэтай скарзе варта паказаць, што яна не паспела стаць на ўлік па цяжарнасці, – каментуе Аляксей Лойка. – Таксама неабходна папрасіць забяспечыць магчымасць атрымання доказаў, якія пацвярджаюць наяўнасць цяжарнасці, а менавіта магчымасць здаць аналіз у медыцынскай установе".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства