viasna on patreon

Дэпутаты еўрапейскіх парламентаў працягваюць кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

2020 2020-11-11T19:10:01+0300 2020-11-11T19:48:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gudrun_kugler.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошні тыдзень яшчэ дзевяць дэпутатаў з краінаў ЕС далучыліся да кампаніі праваабарончай арганізацыі Libereco #WeStandBYyou. Мэтай ініцыятывы з’яўляецца падтрымка палітычных зняволеных у Беларусі. Іх еўрапейскія “хросныя” патрабуюць неадкладнага вызвалення вязняў. Так, дэпутаты еўрапейскіх парламентаў выступілі ў абарону і за вызваленне палітвязняў Віктара Куўшынава, Расціслава Стэфановіча, Арцёма Хвашчэўскага, Івана Комара, Вячаслава Рагашчука, Марыі Бабовіч, Арцёма Саўчука, Паўла Юхневіча і Антаніны Канавалавай.

Вібке Эсдар, дэпутатка Бундэстага ад партыі СДПГ, стала “хроснай” Віктара Куўшынава.

“Беларускі рэжым павінен неадкладна вызваліць Віктара Куўшынава! Тое, што каляжанка Віктара Юлія Шардыка нарэшце на волі, з’яўляецца добрым знакам. Але цяпер рэжым таксама павінен вызваліць усіх астатніх палітвязняў”, — сказала спадарыня Эсдар.

kai_gehring.jpg
Дэпутат Бундэстага Кай Герынг

Дэпутат Бундэстага Кай Герынг падтрымаў Расціслава Стэфановіча:

“Расціслаў Стэфановіч з'яўляецца членам пашыранай Каардынацыйнай рады апазіцыі, мэтай якой з’яўляецца каардынацыя мірнага трансферу ўлады пасля прэзідэнцкіх выбараў. Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і абароны жыцця і здароўя Раціслава Стэфановіча і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”.

stefan-gelbhaar.jpg
Дэпутат Бундэстага Штэфан Гельбхаар

Дэпутат Бундэстага Штэфан Гельбхаар узяў шэфства над Арцёмам Хвашчэўскім.

“Я патрабую неадкладнага вызвалення палітвязня Арцёма Хвашчэўскага. Ён быў арыштаваны падчас дэманстрацый супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Мы баімся за яго здароўе, бо ёсць шмат паведамленняў пра катаванні ў ізалятарах. Неабгрунтаваныя арышты дэманстрантаў, якія цягам тыдняў выходзяць на вуліцы супраць фальсіфікацый выбараў, не дапамогуць спадару Лукашэнку. Мой заклік: вызваліце шлях для новага палітычнага пачатку, спадар Лукашэнка, і неадкладна вызваліце ўсіх палітвязняў!”, — заявіў дэпутат.

margit-stumpp.jpg
Дэпутатка Бундэстага Маргіт Стамп

Дэпутатка Бундэстага Маргіт Стамп стала “хроснай” Івана Комара.

“Іван Комар з'яўляецца адным з многіх нявінных палітычных зняволеных рэжыму Лукашэнкі. Я глыбока асуджаю ілжывыя абвінавачванні, запалохванні і гвалт, якім ён падвяргаўся. Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць яго і ўсіх астатніх палітвязняў. Я раблю гэта на знак салідарнасці з Іванам Комарам і грамадзянамі Беларусі”, — сказала яна.

heribert_hirte.png
Прафесар Герыберт Хіртэ

Прафесар Герыберт Хіртэ, які з'яўляецца выконваючым абавязкі старшыні Камітэта па прававых пытаннях і абароне правоў спажыўцоў у Бундэстагу Германіі, падтрымаў Вячаслава Рагашчука.

“Я падтрымліваю Вячаслава Рагашчука, які не патрабуе нічога, акрамя таго, каб яго голас быў палічаны. Але ў лукашэнкаўскай Беларусі спадара Рагашчука жорстка збілі за гэта і пасадзілі ў турму як палітвязня. Я перакананы, што заклік да дэмакратыі і свабоды ў Беларусі больш не можа быць здушаны. Абвінавачанне ў тым, што спадар Рагашчук прымаў удзел у "масавых беспарадках", бо ўдзельнічаў у дэмакратычных акцыях пратэсту супраць недэмакратычнага працэсу, выкрывае рэжым. Я патрабую вызваліць Вячаслава Рагашчука і аказаць яму медыцынскую дапамогу!”, — сказаў дэпутат з гэтай нагоды.

barbara-hendricks.jpg
Былая федэральная міністарка і дэпутатка Бундэстага Германіі Барбара Хендрыкс

Барбара Хендрыкс, былая федэральная міністарка і дэпутатка Бундэстага Германіі, будзе “хроснай” Марыі Бабовіч. Яна заявіла:

“Адвольныя арышты і драконаўскія пакаранні за найменшыя правіны — чарговыя прыкметы адчаю, з якім Лукашэнка трымаецца за сваю ўладу. Я асабліва салідарная з такімі мужнымі жанчынамі, як Марыя Бабовіч, якія ініцыююць і падтрымліваюць акцыі пратэсту. Я цалкам падтрымліваю асноўныя патрабаванні пратэстнага руху і заклікаю спыніць гвалт і вызваліць усіх палітвязняў. Я таксама заклікаю да адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых выбараў з наступным канстытуцыйным працэсам. Мой заклік да мірных дэманстрантаў у Беларусі: Мы разам з вамі!”.

gudrun_kugler.jpg
Прадстаўніца па правах чалавека і перамешчаных асобаў Аўстрыйскай народнай партыі Гудрун Куглер

Гудрун Куглер, прадстаўніца па правах чалавека і перамешчаных асобаў Аўстрыйскай народнай партыі (ÖVP), абавязалася быць “хроснай” зняволенага Арцёма Саўчука.

“Сярод усіх тых цяжкасцяў, якія мы цяпер перажываем у Аўстрыі, мы не мусім забываць іншыя шматлікія прыклады несправядлівасці, несвабоды і болю. Вось чаму я стала “хроснай” беларускага палітвязня Арцёма Саўчука і патрабую яго неадкладнага вызвалення! Гэты малады чалавек знаходзіцца за кратамі, бо мірна выйшаў на вуліцу за дэмакратычныя правы жыхароў Беларусі. Зняволенне людзей за прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі дэманструе баязлівасць рэжыму і грэбаванне правамі чалавека. У Еўропе для гэтага не павінна быць месца! У межах кампаніі #WeStandBYyou мы выказваем сваю салідарнасць з дэмакратычным рухам у Беларусі і заклікаем вызваліць усіх палітвязняў. Мы глыбока паважаем усіх, хто з вялікай мужнасцю і рашучасцю, а таксама з сваёй свабодай, уздымае свой голас за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Вы не адныя! Мы на вашым баку!”, — аздначае дэпутатка з Аўстрыі. 

johannes_schraps.png
Дэпутат Камітэта па справах Еўрапейскага Саюза Бундэстага Ёханэс Шрапс

Дэпутат Камітэта па справах Еўрапейскага Саюза Бундэстага Ёханэс Шрапс заявіў з нагоды свайго рашэння падтрымаць Паўла Юхневіча:

“Беларусы ўжо тры месяцы выходзяць на вуліцы, каб патрабаваць свабодныя і сумленныя выбары. Рэжым адказаў на мірны пратэст беспрэцэдэнтным гвалтам. Больш за сотню чалавек апынуліся за кратамі з-за сваёй палітычнай датычнасці. Тое, што робіць рэжым Лукашэнкі пасля відавочна недэмакратычных выбараў, недапушчальна. З гэтым нельга мірыцца. Павел Юхневіч — сярод тых, каго пасадзілі за палітычную дзейнасць. Я заклікаю неадкладна вызваліць яго і ўсіх астатніх палітвязняў, якія змагаюцца за свае правы, дэмакратыю, вяршэнства закона і свабоду ў Беларусі”.

katja_leikert.jpg
Намесніца старшыні парламенцкай групы ХДС/ХСС у Бундэстагу Каця Ляйкерт

Намесніца старшыні парламенцкай групы ХДС/ХСС у Бундэстагу Каця Ляйкерт стала “хроснай” Антаніны Канавалавай. Яна заявіла:

“Я патрабую неадкладнага вызвалення Антаніны Канавалавай. Прычыны ўтрымання яе пад вартай непераканаўчыя. Праца на апазіцыйных палітыкаў не павінна прыводзіць да адвольных арыштаў без належнай законнай працэдуры. Антаніна Канавалава і ўсе палітвязні павінны быць неадкладна вызвалены”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства