viasna on patreon

Панядзелак пачынаецца з ператрусу. Хроніка пераследу 9 лістапада Дапоўнена

2020 2020-11-09T18:25:00+0300 2020-11-09T18:16:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ganna_valadashchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак дзевятага лістапада ў Беларусі працягваецца пераслед людзей па палітычных матывах. Праваабаронцы "Вясны" кожны дзень збіраюць факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Слоніме адбываецца ператрус ў доме галоўнай рэдактаркі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Ганны Валадашчук. Як піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ператрус праводзіцца ў адпаведнасці з санкцыяй пракурора ў сувязі з тым, што ў мясцовых тэлеграм-каналах з’яўляліся паведамленні з абразамі.

Ганна Валадашчук
Ганна Валадашчук

Ганна Валадашчук у размове з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыяцыі журналістаў падкрэсліла, што не мае дачынення ні да якіх тэлеграм-каналаў і паклёпніцкіх паведамленняў. Падчас ператрусу ў яе запытваліся пра тэлеграм-канал "Слонім для жыцця": хто яго мадэруе, хто фінансуе. У доме Ганны міліцыянты забралі два кампутары, sim-карты, флэш-накапляльнікі. Пасля ператрусу дома работнікі міліцыі без папярэджання прыехалі ў рэдакцыю "Газеты Слонімскай". У рэдакцыі таксама забралі кампутары ў журналістаў, бухгалтэрыі, у рэкламным аддзеле.

Раніцай Ганну па позве выклікалі ў міліцыю, пасля гэтага да яе дамоў прыйшлі з ператрусам. Як паведаміла Ганна Валадашчук, у міліцыі яна дазналася, што ператрус 9 лістапада праводзіўся і ў іншых слонімскіх актывістаў. Верагодна, міліцыянты шукаюць датычных да тэлеграм-канал "Слонім для жыцця".

Мінск

Пасля традыцыйнага Марша пенсіянераў у Мінску была затрыманая адна студэнтка. Яе прозвішча высвятляецца.

У Мінску на на гутарку ў РУУС выклікалі спявачку і паэтку Кацярыну Ваданосаву. Яна засцерагаецца затрымання.

Так, пасля выкліку ў Заводскі РУУС не выйшла на волю 24-гадовая Наталля Пляшкун.

"Пайшла ў Заводскі РУУС па позве другі раз — затрымалі. Мяркуючы па ўсім шыюць некалькі пратаколаў па 23.34 КаАП, першы суд павінен быць 13.11 у Заводскім судзе", — паведмляюць блізкія дзяўчыны.

У межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу "Марш супраць тэрору" ў Мінску 9 лістапада затрымалі Сяргея Вычужаніна. Раней паведамлялася, што па гэтай крымінальнай справы прызнаны 231 падазраваны, іх затрыманне працягваецца.

Інфармацыя дапаўняецца і дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства