viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Калейдаскоп Фота

2017 2017-10-25T17:48:44+0300 2021-10-14T12:21:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чалавечы мозг нагадвае папсаваны кампутар. Ён не захоўвае ўсю інфармацыю, якую мы атрымліваем на працягу свайго жыцця. Ён карэктуе яе, зацірае і знішчае, захоўваючы такім чынам наш душэўны супакой і псіхіку. Не ўсё тое, што перажылі і бачылі ў жыцці, мы хочам захаваць у аператыўнай памяці свайго мозгу. Мы памятаем шчаслівыя моманты, бо мы хочам іх памятаць. Але яскравымі момантамі могуць быць не толькі шчаслівыя імгненні. Нашыя дзіцячыя страхі, яны крочаць разам з намі і жывуць, там, дзесьці далёка ў нашай свядомасці.

Я не магу дакладна сказаць, з якога ўзросту я памятаю сябе. Некаторыя абрыўкі карцінак, якія ўстаюць у маёй памяці, сведчаць, што гэта зусім раннія гады майго жыцця.

Я не памятаю момант свайго нараджэння, як і большасць людзей на планеце. Я не магу прыгадаць тую цесную камуналку ў старым доме на старым Аўтазаводзе, куды з радзільні прынесла мяне мая зусім юная маці. У кватэру, у якой нарадзілася яна сама. Мне зараз цяжка гэта ўявіць, але маме тады было толькі 19 гадоў. Гэты быў насычаны на падзеі і вельмі цяжкі год для яе. У лютым яна выйшла замуж за такога ж маладога хлопца і неўзабаве ад інсульту памерла яе маці – мая бабуля Валянціна. Яна ведала, што я ўжо ёсць, яна чакала сустрэчы са мной. Вельмі часта мне сумна ад таго, што я так і не ўбачыў сваю бабулю. Я маю імя ў яе гонар і памяць. Так мая матуля застался без маці, з 16-ці гадовай сястрой, сваім бацькам-алкаголікам і мною. Увосень, нягледзячы на цяжкі пасляродавы стан маці і нараджэння дзіцёнка, майго бацьку на два гады забралі ў войска. Так мы засталіся зусім адныя. Ніякіх пасобій па даглядзе за дзіцёнкам у той час не было, і маці атрымлівала толькі 15 рублёў дапамогі ад ваенкамата за служачага ў войску майго бацьку. Гэта быў цяжкі і змрочны час. Мы жылі ў нястачы ў краіне рабочых і сялян, дзе ўсе былі роўнымі ў сваёй бядноце і бяспраўі.

Мой мозг старанна знішчыў гэта з маёй памяці.

Што я памятаю - гэта час, калі я разам з бацькамі, сваёй цёткай і дзедам жыў у маленькай, але асобнай “палутарцы” на праспекце Партызанскім. Я памятаю, як бацькі набылі свой першы тэлевізар. Бацька каціў яго ў картоннай каробцы на санках. Была зіма...

dvor.jpg
Мы жылі ў "палутарцы" ў гэтым доме да 1983 года, калі маці атрымала новую кватэру

Гэты раён Менску і зараз заховае нейкую таямнічасць і застаўся амаль не кранутым з тых часоў. Жоўтыя двухпавярховыя дамкі з калонамі, верандамі і гаўбцамі. Палонныя немцы нават у палоне будавалі акуратныя і прыгожыя дамкі. Жоўтыя дамкі сярод зеляніны дрэваў. Тут вельмі прыгожа ўвесну, калі квітнеюць сады і бэз. Тут вельмі прыгожа ўвосень, калі дрэвы загараюцца чырвоным і жоўтым, а паветра насычаецца восеньскім пахам пажухлай лістоты. Часам, калі мне цяжка на душы, я люблю вяртацца сюды і проста брадзіць па гэтых вулках. Добрая тэрапія для мяне.  

damki-01.jpg
Жоўтыя домікі, збудаваныя палоннымі немцамі

novy_gorad.jpg
Сучасныя гмахі наступаюць і тут

Часам у галаве ўсплываюць зусім раннія дзіцячыя ўспаміны.

Вось я, пяцігадовы хлопчык, еду з маці ў тралейбусе, трымаю на руках маленькую котачку і тлумачу ўсім пасажырам, што гэта сібірскі коцік. Гэтая котка па мянушцы Мацільда пражыла са мной 18 гадоў. Каты ўвогуле спадарожнічаюць мне ўсё жыццё. А вось мая зусім юная цётка нясе мяне на першамайскай дэманстрацыі працоўных. Усе радасныя нясуць кветкі і шарыкі, а на трыбуне стаіць Машэраў, адзіны без капелюша на галаве.

staraja_shkola.jpg
Будынак былой мінскай школы №25
pomniki.jpg
Алея мёртвых дзяцей у двары школы захавалася дагэтуль

Школы, у якую маці з дзедам адвялі мяне ў першы клас, ужо не існуе, але ў двары пустога будынку ўсё яшчэ стаіць алея мёртвых дзяцей – алея з помнікамі піянерам-героям: Голікаў, Казей… няшчасныя, забітыя дзеці. Тады, 1 верасня 1980-га, мяне ўразілі два аграмадныя бюсты Энгельса і Маркса, устаноўленыя з двух бакоў прыступак у будынак школы. Яны былі проста гіганцкія, верагодна ад таго, што я быў зусім малы ў параўнанні з імі. Я адчуваў сябе зусім безабаронным побач з гэтымі каменнымі монстрамі - класікамі камунізму.

Школа мне давалася цяжкавата. Я не мог навучыцца добра і акуратна пісаць літары. Адчуваў я сябе не надта весела яшчэ і таму, што мусіў праводзіць у школе ўвесь дзень з раніцы да вечара. Калі я вяртаўся дадому з “падоўжанкі”, было ўжо цёмна. Мне было вельмі страшна ісці дахаты аднаму цёмнымі вуліцамі, а яшчэ я баяўся тых вялікіх хлопцаў, што любілі тырчаць на лесвічнай пляцоўцы паверхам вышэй. Перад тым, як зайсці ў пад’езд, я заўсёды глядзеў на вакно. А потым чакаў маму з працы. Цемра, страх - і чаканне мамы.

Аднойчы я сыйшоў з дому. У першым ці другім класе. Мяне ў чарговы раз пакрыўдзіла настаўніца. Я раздражняў яе сваім спакоем. “У вас вельмі спакойны дзіцёнак, гэта мяне турбуе”, – казала яна маме. Я, як умеў, напісаў развітальны ліст і пайшоў з дому. Далёка я, відаць, не сыйшоў. Бедная маці знайшла мяне, зарумзанага, у кустах за домам і забрала дахаты.

Майго бацькі не было побач са мной, калі я пайшоў у школу. Ён быў на заробках у Сібіры. Маці вучыла мяне адказваць занадта цікаўным бабкам, што канешне ж сядзелі на лаўцы ля пад’езду, што бацька насамрэч дома, але проста зараз пайшоў у краму. Бабкам было цікава, куды ж падзеўся мой бацька, і яны часта запытвалі мяне пра гэта, а я адказваў, як вучыла мяне маці: ён у краму толькі што пайшоў. Ездзіць на заробкі было “пастыдным” заняткам для савецкіх грамадзянаў. “Пацягнуўся за доўгім рублём” – як тады казалі. Але бацька найперш дбаў пра сям’ю і хацеў хоць неяк вырвацца з гэтай сталай галечы.

Аднымі з яркіх успамінаў якраз і былі сустрэчы бацькі з тых заробкаў. Барадаты і таму нейкі крыху незнаёмы, ён заўсёды прывозіў мне розныя падарункі. Аднойчы ён прывёз шкуры мядзведзя, рысі і вялікія рогі горнага казла-марала. Памятаю, як аднойчы бацька забраў мяне з садка, ён быў крыху на падпітку, і дамоў мы паехалі на таксі. Па дарозе кіроўца-грузін паказваў фігі здаравеннаму банеру з выявай Брэжнева і надпісам “Правильной дорогой идёте товарищи”. Бацька заўсёды ішоў сваёй дарогай і быў крыху “не ў сістэме”. Савецкая цягуча-бясконцая рэчаіснасць відавочна ціснула на яго, магчыма, таму ён і пачаў пазней піць, але ажыў і акрыяў акурат пасля развалу камунізму ў 1991-м.

А яшчэ мы з бацькам любілі хадзіць у кіно. Вельмі часта, калі ён забіраў мяне з дзіцячага садка, мы хадзілі глядзець кіно ў кінатэатр “Камсамолец”, што быў побач з садком. “Залатое падарожжа Сімбата”, “Золата Макенны” і фільмы пра індзейцаў з Гойкам Міцічам у ролі індзейца, я дагэтуль памятую назвы гэтых фільмаў. І вясёлага, безтурботнага тату. Яркае сонца, мы сядзім на траўцы ў раёне ўжо неіснуючага трамвайнага кола на праспекце Партызанскім і спяваем нейкую дзіцячую песеньку. Спяваем так гучна, што да нас пад’язджае жоўта-сіні міліцэйскі бобік. Савецкім міліцыянтам здалося дзіўным, што цвярозы грамадзянін можа проста так сядзець на траўцы і гучна спяваць песенькі разам са сваім маленькім сынком. Міліцыянты з’ехалі, а мы працягвалі спяваць і смяяцца.

Аднойчы мы з ім згубіліся. Я крутануўся вакол сябе - і не знайшоў таты. Дзікі, ледзянячы душу жах апанаваў мяне і я заравеў. Не памятаю ўжо, колькі я так стаяў і равеў пасярод вуліцы, але памятаю, што потым я ўзяў сябе ў рукі і пайшоў дадому ўздож праспекту. Ісці было даволі далёка, але я дайшоў. Праз нейкі час дадому прыбег, запыхаўшыся, бацька. Ен шукаў мяне паўсюль дзе мог.

Я заўсёды баяўся згубіцца, згубіць бацькоў. Я дагэтуль баюся іх згубіць.

Дзіцячыя страхі, цемра, радасць і яркае сонца - часам я не ведаю, што з гэтага ява, а што частка маіх дзіцячых уяўляенняў і фантазій. Часам яны вяртаюцца да мяне, часам я бачу іх у снах. Стракаты і фантасмагарычны калейдаскоп.

adam_valik.jpg
З сынам Адамам падчас леташняга падарожжа

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства