viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Дэкрэт “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ператварыў усіх грамадзянаў краіны ў “абавязаных асобаў”

2015 2015-04-06T15:34:48+0300 2015-04-15T17:03:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Як праваабаронца не магу не выказаць некалькі думак адносна Дэкрэта № 3, якім на мінулым тыдні з адміністрацыі прэзідэнта парадавалі грамадзян (і нават замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства) нашай краіны.  

Першапачаткова я нават хацеў напісаць чарговы фельетон на дадзеную тэму, але неяк стала мне не да смеху. Не да смеху не таму, што я трапляю пад дзеянне дадзенага Дэкрэта і прызнаюся плацельшчыкам сбору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, як некаторыя маглі б падумаць, зусім не таму. Я асабіста кожны год спраўна запаўняю падатковую дэкларацыю і сплочваю падаходны падатак з атрыманых даходаў, і дзенне гэтага Дэкрэта на мяне якраз і не распаўсюджваецца.

Сумна мне стала ад таго, што дзяржава нашая ў лепшых традыцыях неўміручага і ўсюдыіснага “саўка” вырашыла ў чарговы раз указаць нам, як жыць, як  распараджацца сваім уласным жыццём. Нашыя ўлады і раней актыўна выкарыстоўвалі прымусовую працу грамадзянаў: рознага кшталту суботнікі з “добраахвотна-прымусовай формай” удзелу амаль усіх працуючых у 70%-ым дзяржаўным сектары эканомікі, размеркаванне студэнтаў пад пагрозай выплаты кошту ўсяго навучання ў ВНУ, ужо аплочанага з падаткаў бацькоў, прымусовая праца вайскоўцаў тэрміновай службы, Дэкрэт №9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”, які забараніў працоўным звальняцца “на перыяд мадэрнізацыі прадпрыемства”.  Я ўжо не кажу пра такія формы прымусовай працы як “трудатэрапія”  ізаляваных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) хворых на алкагалізм, прымусовая праца пад пагрозай адміністратыўнага арышту і крымінальнай адказнасці г.зв. “абавязаных асобаў”. На ўсе гэтыя элементы прымусовай працы ўжо неаднаразова звярталі сваю ўвагу і незалежныя прафсаюзы, і праваабарончыя арганізацыі, і Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Зараз, падобна, прэзідэнт вырашыў зрабіць “абавязанымі асобамі” ўсіх грамадзян (і не грамадзян) краіны.

Сама назва Дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” нібыта вярнулася да нас ці то з андропаўскіх, ці то нават са сталінскіх часоў. І скіраваны ён не толькі супраць г.зв. “антысацыяльных элементаў”, з якімі нашая ўлада вядзе барацьбу па ўзоры таго ж савецкага часу, але супраць значна больш шырокай катэгорыі грамадзян.

Нават за савецкім часам хатнія гаспадыні, які займаліся вядзеннем хатняй гаспадаркі і выхаваннем дзяцей, не з’яўляліся “дармаедамі”. А зараз мы чуем ад міністра працы і сацыяльнай абароны (асабліва цынічна гучыць) Марыянны Шчоткінай, што пасля таго, як дзіця пайшло ў школу па дасягненні 7 гадоў, у маці “з’яўляецца магчымасць удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў” і што яна павінна быць хаця б на палову стаўкі  “афіцыйна аформленая”.  Іншымі словамі, яна павінна быць працаўладкаваная пад пагрозай адміністратыўных штрафаў  ці абавязку ўплаты 20 базавых велічынь “збору” за сацыяльнае “ўтрыманства”. А цяпер хто мне адкажа, чаму дзяржава вырашае за мяне і маю сям’ю, як мне выхоўваць сваіх дзяцей, ці вадзіць іх у школу (хатняя адукацыя пры такіх падыходах выглядае праблематычнай) і размяркоўваць абавязкі ў сям’і паміж супругамі?

А калі нехта па нейкіх прычынах вырашыў зрабіць перапынак у сваёй працоўнай дзейнасці і жыве за кошт сваіх папярэдніх немалых зберажэнняў? Са зберажэнняў, з якіх ён ужо сплаціў падаткі і значна больш паўдзельнічаў “у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў”, чым іншы таварыш, што адпрацаваў больш за 183 дні ў годзе за мізэрны заробак і такія ж мізэрныя падаткі з такога заробку?

А яшчэ можа быць варыянт, калі чалавек проста не хоча і не можа працаваць  у сілу таго, што даўно выпаў з соцыума, дэградаваў як асоба і згубіў прафесійныя навыкі. Ён не хоча ўдзельнічаць нават у фінансаванні выдаткаў на сваё асабістае жыццё, не тое што дзяржаўных выдаткаў. Мачыма ён нават проста БОМЖ. А вось для такой катэгорыі грамадзян Дэкрэт прадугледзіў магчымасць “разлічыцца” з дзяржавай – адбыць адміністратыўны арышт. Згодна з п.14 Дэкрэта, грамадзянін, які адбыў адміністратыўны арышт, прызнаецца выканаўшым абавязак па ўплаце збору. Логіка простая – няма грошай заплаціць, сядай у турму.

Складаецца такое ўражанне, што чыноўнікі, якія рыхтавалі тэкст Дэкрэта, спаборнічалі паміж сабой у тым, у каго лепш атрымаецца “падагнаць” тэкст Дэкрэта пад вызначэнне прымусовай працы Канвенцыі №29 Міжнароднай арганізацыі працы.

Прымусовая праца забаронена арт. 41 Канстытуцыі нашай краіны, а таксама шэрагам міжнародных пактаў, ратыфікаваных Беларуссю.

У чарговы раз замест сур’ёзнай дыскусіі аб шляхах вываду эканомікі краіны з крызісу, аб рэфармаванні сістэмы аховы здароўя, пенсійнай рэформы, мы атрымліваем антыканстытуцыйны дакумент, які ўводзіць інстытут прымусовай працы ў межах усёй краіны.

Я заўсёды казаў, што адсутнасць публічнага канкурэнтнага палітычнага працэсу ў краіне прыводзіць да застою і дэградацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання. Пры такой сістэме дэградуе не толькі апазіцыя, але і ўлада. Дэкрэт № 3 - яскравае таму пацверджанне.

Валянцін Стэфановіч 

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства