Генадзь Фядыніч: "Можна зачыніць РЭП, але думкі людзей не закапаеш!" Частка 2 Фота

2018 2018-08-01T10:36:02+0300 2018-08-03T18:23:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fedynich_zhycce_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Перад судом “Вясна” сустрэлася з вядомым прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам, каб распытаць пра яго асабісты жыццёвы шлях. З чаго пачыналася прафсаюзная дзейнасць Генадзя? Як ствараўся самы магутны незалежны прафсаюз Беларусі? З якімі складанасцямі ў сваёй працы сутыкаўся старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўжо 27 год узначальвае яго? Чытайце у нашым інтэрв'ю.

“Калі б выбаршчыкі сказалі, што ім штосьці не патрэбна, гэтага і не было б”

— Калі быў старшынёй прафкама, то нам шмат чаго ўдалося зрабіць. Але, шчыра кажучы, у многіх выпадках дапамагала тое, што я з'яўляўся дэпутатам Гарадскога савета г. Мінска. Памятаю выпадак, калі нам паведамілі, што на дзіцячай пляцоўцы на вуліцы Несцерава ў Мінску хочуць на яе месцы нешта іншае будаваць. Ужо нават трактары прыгналі і рабочыя прыйшлі. Мы з калегамі неадкладна выехалі. Але адразу я паехаў да старшыні выканкама Заводскага раёну, і сказаў, што калі не вырашым з ім усё на месцы, то будзем разбірацца праз суд. Каб вырашыць гэтую праблему, спатрэбіўся толькі дзень. Па сёння там знаходзіцца дзіцячая пляцоўка. Здавалася б, звычайная справа, нічога асаблівага ў гэтым няма, але ў наш час чамусьці гэта немагчыма. Цяпер людзі бунтуюць, каб не спілоўвалі дрэвы, каб не ўшчыльнялі раёны. А ў той час да такога не дайшло бы нават. Калі б выбаршчыкі сказалі, што ім штосьці не патрэбна, гэтага і не было б. Калі людзі аддалі галасы за чыноўніка, то ён і павінен працаваць на людзей.

Аднойчы ў прафсаюзе прыдумалі схему, як прымусіць кіраўніцтва выконваць першую калектыўную дамову, якую мы падпісалі. Мы ўвялі адказнасць кіраўнікоў за невыкананне гэтай калектыўнай дамовы. Тады ж прэмію выпісвалі паквартальна ў памеры 120-130% - добрыя грошы па тых часах. Калі кіраўнік не выконваў калектыўную дамову першы раз, то прафсаюзная камісія вырашала паменшыць яго прэмію на 50%, другі раз — 100%, а трэці — ўздымалі пытанне аб адпаведнасці займаемай пасады. Пасля гэтага ў прафкам выбудавалася доўгая чарга чыноўнікаў, спадзяваліся, што мы перанясем тэрмін выканання калектыўнай дамовы. Але мы не адсоўвалі тэрміны. Такім чынам, за першы квартал калектыўная дамова была цалкам выкананая. Людзі, якія цяпер мяне сустракаюць, да гэтага часу памятаюць гэты выпадак.

Старшынёй таго прафкама таксама пабыў мала, здаецца, гады паўтара. Бо ўжо ўтвараўся прафсаюз РЭП…

hennadii-fedynicz-sprava-i-byvszii-preds
Генадзь Фядыніч і былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Фотаздымак прадстаўлены з архіву прафсаюза РЭП

“Па вечарах у “Зялёным лузе” у кватэры аднаго з актывістаў мы працавалі над гэтым статутам

— Быў непросты час — людзі хацелі пераменаў. Прафсаюза РЭП тады не існавала. Толькі былі два абласныя абкамы саюзнага прафсаюза: Мінскі і Віцебскі, а астатнія прадпрыемствы галіны напрамую завязваліся на ЦК прафсаюза радыеэлектронікі СССР.

Сабралася вельмі добрая група людзей, аднадумцаў. Адзін з першых сходаў па вырашэнню пытанняў па стварэнню прафсаюза адбыўся на Берасцейшчыны. Статут прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) мы распрацоўвалі ў Мінску. Памятаю, як па вечарах у “Зялёным лузе” у кватэры аднаго з актывістаў мы працавалі над гэтым статутам. У суседнім пакоі плакала нейкае дзіцё, а мы заседжваліся да пазніх вечароў. Гэта была праца на вынік. І менавіта нашыя дакументы прайшлі, таму што яны больш прызямлённыя і больш да людзей. Нас падтрымала абсалютная большасць дэлегатаў З’езда прафсаюзаў. Але былі тыя, хто выступаў супраць гэтага. Масквічам не падабалася, што мы будуем прафсаюз: “Як гэта: Саюз разбураецца, а яны ствараюць нешта новае?” Гэта было звязана з тым, што шэраг прадпрыемстваў выходзілі на Маскву напрамую. У рэшце рэшт атрымаўся самы магутны прамысловы прафсаюз у Рэспубліцы: 275 тысяч сябраў.

“Малады, ты не адмаўляйся, зараз мы цябе прапануем, і ты будзеш нашым прафсаюзным лідэрам”

Хто мог узначаліць новы прафсаюз? Ніхто не хацеў браць адказнасць на сябе, бо фігурыравалі такія магутныя прадпрыемствы, як «Гарызонт», «Інтэграл». Прапанавалі мне — я адмовіўся, узяў самаадвод. Я не адчуваў сябе падрыхтаваным да такой вялікай працы. Былі людзі з большым досведам: “Інтэграл” – 18 тысяч сяброў прафсаюза, “Гарызонт” – 15 тысяч. На нашым прадпрыемстве было толькі 5,5 тысяч сябраў прафсаюза, дзе старшынёй я прабыў толькі больш года. Іншыя кандыдатуры не прайшлі, бо не набралі 50% галасоў. І тут мне адзін чалавек сказаў, яму гадоў пад 50 было. Праўда, не памятаю асобы, але памятаю рукі: ён у першым шэрагу сядзеў, рукі мазольныя такія. Кажа: “Малады, ты не адмаўляйся, зараз мы цябе прапануем, і ты будзеш нашым прафсаюзным лідэрам". І вось зала — пераважная большасць, адкрытым галасаваннем абрала мяне. Я памятаю выраз іх твараў: «Мы перамаглі мафію!» Тое, што яны хацелі, яны і зрабілі. Тое, чаго сёння вельмі не хапае ў нашым грамадстве.

Цяпер кажуць, маўляў, Фядыніч хавае, што ён быў у партыі. Не, я не хаваю. Я, па вялікім рахунку, гэтым прамежкам часу ганаруся. Таму што нам удалося шмат чаго зрабіць.

 “Cавет самастойна прымаў рашэнні, не хадзіўшы праз плошчу на кансультацыі”.

— Я пачынаў прафсаюзную дзейнасць у 88-89-я гады. Гэта быў вельмі цікавы час: у тую пяцігодку сумяшчаліся розныя погляды, розныя плыні, разнагалоссі, напрыклад, паміж прадстаўнікамі БНФ і Камуністычнай партыі. Спачатку было цяжка: кожны хацеў выказацца не “за”, а “супраць” чагосьці. Нам прыйшлося дамаўляцца. І нарэшце дамовіліся такім чынам, што намеснікам старшыні Савета стаў прадстаўнік БНФ. Такое было ўпершыню. Аднак пры гэтым жа Савет быў самастойны. Ён прымаў рашэнні, не хадзіўшы праз плошчу на кансультацыі. Але гэта была першая і апошняя такая пяцігодка, на жаль. Пасля гэтага ўсе старшыні Мінскага гарсавета, якія былі пасля Аляксандра Герасіменкі, прызнаваліся, што ўсе хадзілі туды раіцца. Пыталіся ў урада, ці можна прымаць тое ці іншае рашэнне, як гэта робіцца і па сённяшні дзень.

 “Нават у думках не мог дазволіць, што я буду працаваць ва ўладзе”

— Гэта быў вельмі спрыяльны час, каб стаць нейкім палітыкам ці прыйсці да ўлады. У той час нават думак не было наконт падтасоўкі галасоў. Адзін час я працаваў дэпутатам Мінскага гарсавета, як я ўжо казаў. Напрыканцы за добрую працу мяне ўзнагародзілі нават гадзіннікам з эмблемай Менску. Прасілі, каб я пагадзіўся стаць намеснікам старшыні. Але тады я толькі прыйшоў у Рэспубліканскі прафсаюз. Я нават у думках не мог дазволіць, што я буду працаваць ва ўладзе. Таму я падзякаваў і адмовіўся.

_mg_0208.jpg
Узнагароджанне Генадзю Фядынічу ад Мінгарсавета за добрую працу

 “У той час было іншыя адносіны да прафсаюза”

Да 1994 года прадстаўнікі прафсаюзаў мелі права ўдзельнічаць у любым паседжанні Вярхоўнага Савета. У той час было іншыя адносіны да прафсаюза. Гэта магчыма было пры дапамозе спецыяльных пропускаў Міністэрства прамысловасці, якія мелі нават не ўсе дырэктары прадпрыемстваў. Па ім мы маглі прайсці на любое прадпрыемства ў любы час, і нават ва Урад. Калі старшынёй Вярхоўнага Савета быў яшчэ Станіслаў Шушкевіч, наш прафсаюз выступаў супраць яго прапановаў, бо гэта было не зусім тое, што патрэбна людзям. Памятаю, мы тады раздавалі ўлёткі супраць зменаў пра мінімальныя заробкі. Адзін з тых, хто дапамагаў нам раздаваць гэтыя ўлёткі быў Аляксандр Лукашэнка. Але тады нам не хапіла толькі трох галасоў.

Мы ладзілі шмат акцый, звязаных з сацыяльнымі праблемамі. У 1991 годзе мы праводзілі акцыю “Не абнішчанню народа!” Да нашага мітынга далучылася дзесьці пад 20 тысяч чалавек. Калі мы з калонай былі ўжо на Плошчы Каліноўскага (буду яе так называць), то пачатак калоны яшчэ нават не рушыўся з Круглай плошчы. Прыйшлося заняць усе тры паласы руху дарогі, пакінуўшы адну для машын. І нам ніхто не перашкаджаў!

Мы распачыналі кампанію супраць дэкрэта № 29, які рэгулюе кантрактную сістэму працы. У той час прадпрыемствы не маглі падняць заробкі і спецыялісты сыходзілі з прадпрыемстваў. Дэкрэт з’явіўся ў мэтах, каб дапамагчы дырэктарам утрымаць гэтых спецыялістаў. Памятаю, на Першамай мы ладзілі сход, дзе абмяркоўвалі, што трэба зрабіць, каб адмяніць дэкрэт. У рэшце рэшт мы сабралі патрэбную колькасць подпісаў, каб вынесці гэтае пытанне на рэферэндум. Памятаю, калі прыйшлі да Ярмошынай, то нават яе супрацоўнікі нам казалі, якую добрую мы працу робім. Але былі ўнесены змены ў заканадаўства, згодна з якімі цяпер патрабуецца не 50 тысяч галасоў, а 400 тысяч, каб ініцыяваць рэферэндум, бо гэта дэкрэт, а не закон. Скажу шчыра, у нас проста тады не хапіла сіл паставіць усё ў рамках закона.

piket-profsoyza-rep-7-oktyabrya-07.jpg
Пікет незалежнага прафсаюза РЭП 7 кастрычніка 2012 г. Парку Дружбы народаў. Фотаздымак прадстаўлены з архіву прафсаюза РЭП

Пачатак інтэрв'ю чытайце тут. 

Працяг будзе.


Нагадаем, старшыні прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару Ігару Комліку прад'яўлена абвінавачванне ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Справа разглядаецца ў Доме правасуддзя ў г. Мінску (вул. Сямашкі, 33). 

Партнёрства

Сяброўства