viasna on patreon

Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі, якія душаць альтэрнатыўнае меркаванне

2020 2020-06-05T19:23:29+0300 2020-06-05T19:23:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anais_marin2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 5 чэрвеня, група экспертаў ААН выказала сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, заявіўшы, што ўрад краіны павінен абараняць права на свабоду выказвання меркавання і перастаць душыць крытыку. Аб гэтым паведамляецца на сайце Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН.

Эксперты заявілі, што ў траўні не менш за 195 чалавек - у прыватнасці, праваабаронцы, журналісты, блогеры, медыцынскія работнікі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці - былі арыштаваныя за тое, што яны выказалі свае погляды, або за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пікетах для збору подпісаў і вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 9 жніўня.

Анаіс Марэн. Фота: reform.by
Анаіс Марэн. Фота: reform.by

"Мы сур'ёзна занепакоеныя тым, што гэтыя арышты, звязаныя з ажыццяўленнем свабоды мірных сходаў і свабоды меркаванняў і іх выказвання, аказваюць негатыўнае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць, незалежную прэсу і бесперашкоднае выказванне асаблівай думкі", - сказала Анаіс Марэн, Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Большасць інцыдэнтаў адбылася пасля арышту вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, якога арыштавалі 6 траўня. Арышт Сяргея Ціханоўскага выклікаў пратэсты па ўсёй краіне, падчас якіх дэманстранты патрабавалі ягонага вызвалення. Знаходзячыся ў зняволенні, Сяргей Ціханоўскі абвясціў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты. Аднак яго рэгістрацыя была адхіленая, і гэта рашэнне выклікала новыя пратэсты ў некалькіх беларускіх гарадах, асабліва ў Гродна, дзе ён быў пасля паўторна арыштаваны 29 траўня.

Да цяперашняга часу, прынамсі, 72 чалавекі былі аштрафаваныя і 69 чалавек былі падвергнутыя адміністрацыйнаму арышту на тэрмін да 15 сутак пазбаўлення волі па абвінавачванні ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

"Мы занепакоеныя тым, што абвінавачванні могуць быць выкарыстаныя ў якасці інструмента, каб здушыць крытычныя галасы апазіцыйных кандыдатаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы медыцынскіх работнікаў. Асабліва сур'ёзна абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў напярэдадні выбараў", - сказала Марэн.

Заўвагі Спецыяльнага дакладчыка падтрымалі Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеман Ньялетсосі Вуль, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвід Кайе, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя Дайніус Пурас і Спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян.

"За два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў мы настойліва заклікаем урад спыніць практыку падаўлення галасоў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і забяспечыць плюралістычнае асяроддзе, у якім усе людзі могуць бяспечна і свабодна ажыццяўляць сваё права на пошук і распаўсюд інфармацыі, свае правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый", - заявіла Анаіс Марэн.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства