viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Дзень выбараў

2020 2020-05-20T13:14:51+0300 2020-05-20T13:14:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary_56_2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў новым выпуску блога "Слова аб праве" у "Белгазеце" супастаўляе ўнесеныя прапановы праваабаронцамі па правядзенні выбараў прэзідэнта ва ўмовах пандэміі COVID-19 і прынятыя рашэнні ЦВК.

8 траўня парламент адгукнуўся на рашэнне аднаго папулярнага блогера схадзіць у прэзідэнты і прызначыў для яго і іншых прэтэндэнтаў доўгачаканую дату: 9 жніўня - дзень выбараў.

Паколькі гэтае шоў не можа не адбыцца, назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" яшчэ раней задумаліся аб фармаце і выкліках выбараў ва ўмовах пандэміі і паварушыліся першымі: зацікаўленым Кампетэнтным ведамствам была накіравана прапанова аб карэкціроўцы заканадаўства аб выбарах і актуалізацыі пастаноў ЦВК, што "забяспечыць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзянаў без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў". Да прапаноў прыкладаліся згода і гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мераў.

Нашы праваабарончыя сэрцы хварэлі не толькі за вечнае - дэмакратычныя выбары, якія служаць асновай легітымнага кіравання дзяржавай; за канстытуцыйнае права абіраць і быць абраным. Турбавала нас, што і без таго куртатыя магчымасці незалежных і апазіцыйных кандыдатаў ва ўмовах паўпустых вуліц і наглуха закрытых ад старонніх дзвярэй кватэраў ператворацца ў нішто: за іх не збяруць подпісы цэнтралізавана ў працоўны час, ім не дадуць не абмежаванага па часе эфіру на дзяржаўным тэлебачанні, пра іх не нагадаюць у мясцовай дзяржаўнай прэсе дзесьці побач з праграмай ТБ. Звыклыя сустрэчы ў памяшканнях і нават на адкрытым паветры зараз па зразумелых прычынах практычна выключаныя.

І верных кадраў выбарчай кухні - вылучаных у камісіі разнастайнымі шляхамі бюджэтнікаў і іншых паднявольных супрацоўнікаў таксама было шкада, за ўпрыгожаных Чырвоным Крыжам і ветэранскімі арганізацыямі "назіральнікаў" - таксама неспакойна. Ці дазволяць ім надзець маску або прымусяць дэманстраваць сваім выглядам поўную адсутнасць страхаў?

Увогуле, прапановы праваабаронцаў звяліся да трох асноўных момантаў: змены парадку збору подпісаў за вылучэнне кандыдата з мэтай увядзення альтэрнатыўных формаў, якія дазваляюць ва ўмовах пандэміі сабраць і без таго непад'ёмныя 100 тысяч аўтографаў выбаршчыкаў; паўсюднаму ўвядзенню відэаканферэнцый або відэатрансляцый пасяджэнняў камісій з публікацыяй дакументаў, у тым ліку ў дзень выбараў пры падліку галасоў; пашырэнню магчымасцяў кандыдатаў па выкарыстанні дзяржтэлебачання для агітацыі.

Следам ААН і АБСЕ апублікавалі рэкамендацыі ўрадам краінаў, у якіх падчас пандэміі павінны прайсці выбары. Міжнародныя арганізацыі заклікалі не дапускаць неабгрунтаванага абмежавання правоў і магчымасцяў удзельнікаў выбараў і злоўжывання дзяржаўнымі суб'ектамі сваімі паўнамоцтвамі.

Адказаў з ЦВК, можна сказаць, было два. У свежавыпечанай пастанове аб парадку фарміравання камісій сказана:

"У мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі пасяджэння органаў, якія ўтвараюць тэрытарыяльныя камісіі... праводзяцца ў адсутнасць прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, сродкаў масавай інфармацыі і іншых запрошаных асобаў. Пры гэтым забяспечваецца прамая трансляцыя пасяджэння на сайце адпаведнага выканаўчага камітэта ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт або размяшчэнне на гэтым сайце поўнага відэазапісу пасяджэння. З улікам эпідэміялагічных умоў у перыяд фармавання ўчастковых камісій у такім жа парадку могуць праводзіцца пасяджэння раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах па ўтварэнні ўчастковых камісій".

Сваё пасяджэнне ЦВК запусціла на ўласным сайце ў прамым эфіры.

А ў афіцыйным адказе тыднем раней старшыня камісіі паведаміла, што "пытанні прыняцця мераў для прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, у тым ліку арганізацыі пасяджэнняў і назірання за імі з дапамогай відэаканферэнцый, будуць вырашацца з улікам эпідэміялагічных умоў, якія складваюцца ў перыяд выбарчай кампаніі". Падобна на тое, што складваецца ўсё так, як мы і меркавалі: дрэнна. Бо да таго ж часу "для прыняцця прапанаваных мераў па змене выбарчага заканадаўства і ўвядзенні дыстанцыйных выбарчых працэдураў для дачы выбаршчыкам згоды аб вылучэнні асобы кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на маючых адбыцца выбарах", на думку Лідзіі Ярмошынай, не маецца.

Мабыць, не хапае ўсё ж не часу, а жадання і палітычнай волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства