viasna on patreon

Мінгарсуд адмяніў два штрафы актывісту Валянціну Троцкаму

2020 2020-04-21T17:13:43+0300 2020-04-21T17:14:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/trockij_valentin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Троцкі. Фота з сайта hramada.org

Валянцін Троцкі. Фота з сайта hramada.org

Валянцін Троцкі быў двойчы асуджаны да штрафаў у 50 і 30 базавых велічынь судом Фрунзенскага раёна г. Мінска за ўдзел у акцыях пратэсту 7 і 20 снежня 2019 года супраць "паглыбленай інтэграцыі" Беларусі і Расіі. Тады суддзі палічылі, што актывіст незаконна ўзяў удзел у мітынгах, чым парушыў Закон "Аб масавых мерапрыемствах".

Аднак належным чынам мужчына аб датах і рашэннях суда не быў апавешчаны, у судовых пасяджэннях удзелу не прымаў. Пра тое, што ў дачыненні да яго былі вынесеныя велізарныя штрафы, Валянцін Троцкі даведаўся толькі 9 сакавіка з смс-паведамлення судовага выканаўцы.

У яго ж мужчына змог азнаёміцца з пастановамі судоў, з якіх стала зразумела, што адрас фактычнага пражывання Валянціна Троцкага быў указаны не дакладна.

Мужчына з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" падрыхтаваў скаргі ў Мінскі гарадскі суд на вынесеныя пастановы Фрунзенскага раёна, дзе ўказаў, што і суддзёй Юліяй Крэпскай, і суддзёй Марыяй Ярохінай было парушана яго права на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

"Паколькі позвы я не атрымліваў, віны ў інкрымінаваным мне адміністрацыйным правапарушэнні я не прызнаю, пісьмовага хадайніцтва аб разглядзе справы ў маю адсутнасць я не падаваў, не ўхіляўся ад яўкі ў орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, і па аб'ектыўных прычынах не мог апавясціць орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, аб наяўнасці перашкодаў да яўкі на разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, пастановай суддзі суда Фрунзенскага раёна г. Мінска, вынесеным без майго ўдзелу ў разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, парушанае маё права на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні", - падкрэсліў Валянцін Троцкі ў сваіх скаргах.

Ён прасіў Мінскі гарадскі суд прызнаць абедзве скаргі абгрунтаванымі і адмяніць пастановы суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ад 26 снежня 2019 года і 9 студзеня 2020 года. А ў адрас судовага выканаўцы накіраваць дакумент аб прыпыненні спагнання сумы штрафу ў памеры 30 і 50 базавых велічынь.

Суддзя Мінскага гарадскога суда Максім Лапко разгледзеў абедзве скаргі Валянціна Троцкага і прыйшоў да высновы, што суд Фрунзенскага раёна двойчы пазбавіў мужчыну магчымасці даць тлумачэнні па сутнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, за якія ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

А паколькі высвятленне ўсіх абставінаў мае істотнае значэнне для правільнага вырашэння спраў і вынясення па іх законных і абгрунтаваных пастаноў, Мінгарсуд палічыў, што ёсць падставы для адмены пастаноў і накіравання спраў на новы разгляд.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка адзначае:

"Суддзя Мінгарсуда пры разглядзе скаргаў звярнуў увагу, што Валянцін Троцкі не апытваўся пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, што прывяло да таго, што прававая ацэнка яго дзеянняў была праведзеная без высвятлення ўсіх абставінаў, якія маюць істотнае значэнне пры прыняцці рашэння. Усё гэта адлюстравана ў пастанове.

А вось чаму на гэта не звярнулі ўвагу суддзі раённага суда?! Няўжо не ўзнікла ніякіх сумневаў пры вывучэнні матэрыялаў справы аб адміністрацыйным правапарушэнні?

І потым у адзін момант чалавек даведваецца, што ў яго "вісіць" запазычанасць ажно ў 80 базавых велічынь! Гэта азначае, што судовы канвеер працаваў пасля акцый настолькі зладжана і "без збояў", што суддзі, штампуючы рашэнне адно за адным, зусім не задумваліся аб тым, што падобнага роду завочныя рашэнні закранаюць значна большае кола праваадносінаў, чым права на выказванне меркавання і на мірныя сходы.

Гэта падкрэслівае вельмі негатыўную тэндэнцыю, таму што ў арсенале судовых выканаўцаў вельмі шмат варыянтаў дзеянняў па спагнанні штрафу. І можа здарыцца так, што чалавеку грашовыя сродкі будуць неабходныя на жыццёва важныя мэты, а іх спішуць з карткі гэтак жа сама - завочна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства