"Рэпарцёры без межаў": Каранавірусны крызіс пагоршыў сітуацыю са свабодай слова
Існуе выразная карэляцыя паміж ціскам на свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў адказ на пандэмію каранавірусу і рэйтынгам краіны ў штогадовым індэксе свабоды слова, апублікаванымна днях праваабарончай арганізацыяй "Рэпарцёры без межаў", піша "Радыё Свабода".
"Пандэмія каранавірусу ілюструе негатыўныя фактары, якія пагражаюць праву на дакладную інфармацыю, і сама па сабе з'яўляецца фактарам пагаршэння. Як будуць выглядаць свабода, плюралізм і дакладнасць інфармацыі ў 2030 годзе? Адказ на гэтае пытанне вызначаецца сёння", — заявіў Крыстоф Дэлюар, генеральны сакратар "Рэпарцёраў без межаў".
У падтрымку гэтай песімістычнай карэляцыі арганізацыя падае прыклады Кітаю (177-е месца ў індэксе), Ірану (173-е) і Іраку (162-е) — краінаў, якія моцна пацярпелі ад пандэміі ды адчувальна абмежавалі правы журналістаў на яе асвятленне.
Сёлета Беларусь заняла 153-ю з 180 пазіцыю ў індэксе, такую самую як летась.
"Дзяржава ажыццяўляе поўны кантроль над усімі тэлеканаламі. Існуе некалькі незалежных СМІ, але многія вымушаныя базавацца за мяжой, і ўлады працягваюць пераследаваць іх, асабліва польскае тэлебачаньне „Белсат“, хоць і менш, чым раней. (…) Выданні, якіх раней ашчадзілі, такія як Tut.by і інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, цяпер знаходзяцца пад прыцэлам уладаў. Тыя, каго ўлады церпяць, працягваюць барацьбу за выжыванне, бо яны пазбаўленыя як дзяржаўных субсідый, так і рэкламы", — гаворыцца ў сёлетняй справаздачы.
Месцы суседзяў Беларусі ў сёлетнім індэксе свабоды прэсы ад “Рэпарцёраў без межаў”: Польшча (62), Літва (28), Латвія (22), Расія (149), Украіна (96).