viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: IX. ДЗЕНЬ БУДАЎНІКА

2020 2020-03-10T11:21:54+0300 2020-03-10T11:37:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blog_bialiacki_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У камеры ўдзень кожны займаецца сваімі справамі. Здаецца, і людзей багата, але няма мітусьні, ніхто не замінае адзін адному. У такой сям’і “дзюбай ня клацаюць”, і хутка я гэта адчуў на сябе. Вырашыў пачысьціць зубы, стаў каля ўмывальніка, чышчу сабе зубы, вычышчаю, як пачуў за сьпінаю вокліч старэйшага па камеры:

“Давай хутчэй там! Вызваляй!”

Азірнуўся, за мной ужо чарга з чатырох чалавек стаіць, чакаюць: хто “камазік” мыць зьбіраецца, хто ваду набраць у пляшку. Я імгненна змываю пасту са шчоткі, выпаласкваю рот і адыходжу ад умывальніка. Халера! Калі яны толькі пасьпелі сабрацца? Здаецца ж, вось толькі яшчэ нікога не было. Адзначаю сам сабе: наступны раз зубы трэба чысьціць у час, калі людзі не ядуць, бо тады вада асабліва патрэбная.

Наступны пракол сам заўважыў у час. Захацелася ў прыбіральню, пайшоў і не паглядзеў, што людзі за сталом сядзяць – палуднуюць. Толькі адчыніў туды дзьверку, азірнуўся, убачыў, зразумеў, што нельга, хуценька зачыніў і вярнуўся на шконку, не чакаючы заўвагаў. Ніхто нічога мне не сказаў. Але потым ужо, абжыўшыся ў турме, я зразумеў, наколькі вострае вопытнае зэкаўскае вока: усё прыкмячаюць, усё натуюць у памяці, нічога не праходзіць па-за ўвагаю. Іншае жыцьцё – іншыя звычкі. Няхітрыя, але разумныя правілы агульнага пражываньня гвалтам сабраных да кучы вельмі розных людзей.

Вось выклікалі аднаго са зьняволеных з рэчамі. Ён пачаў пасьпешліва складацца. Транты, ежа, посуд – зьбірае ўсё і ўкладае ў торбы. У “хаце” горача, два брускі сала трымаў загорнутыя ў анучкі проста на голай цэментовай падлозе пад  батарэяй. 

“На перасуд прыяжджаў, – тлумачаць мне, – таксама будаўнік, майстра, скінулі два гады, зараз ізноў на зону”.

Для мяне гэта ўсё яшчэ – цёмны лес: які перасуд, якая зона.

Мяне паступова знаёмяць з жыхарамі камеры. Вось гэты малады, інтэлігентнага выгляду дзядзька, падобны хутчэй на кандыдата навук з акадэміі, які пастаянна ляжыць з кніжкай у руках – уласьнік буйнай будаўнічай фірмы, цэлы даляравы міліянер.

Вось там – у куце, распрануты па пояс, загарэлы, з падкачанай мускулістай фігураю, падкурчыўшы ногі ў позе ёгі, сядзіць, падобны на Буду, яшчэ адзін кіраўнік вядомай у Менску фірмы, якая займалася будаўніцтвам і турызмам. На сьцяне каля яго прыклееныя праваслаўныя абразкі. Рэкляма ягонай фірмы не сыхадзіла з гарадзкіх постэраў, згадваю я пра сябе, а з братам ягоным –  рэдактарам і выдаўцом, я асабіста знаёмы, але лепей пра гэта зараз прамаўчаць. Абодва адсядзелі ўжо па некалькі гадоў у калоніі, пісалі скаргі і дапісаліся – прыехалі на перасуд.

Вось там – малады, жыцьцярадасны, руды, каранасты хлопец, таксама будаўнік. У яго невялікая фірма ў Валожыне. Калі пачуў, які ў мяне артыкул, радасна засьмяяўся – у яго тое самае абвінавачваньне:

“Ці “хімія” да пяці, ці ад трох да сямі гадоў калоніі, з канфіскацыяй ці без”, – удакладніў ён шырокія рамкі нашага крымінальнага артыкулу.

Калі мы хадзілі на прагулку, гэта ён застаўся ў хаце і качаў прэс: прывязаў ногі да верхніх нараў, зьвесіўся і падымаў тулава ўгору.

На верхняй шконцы насупраць сядзіць смуглявы, невялікі, мажнаваты, гадоў трыццаці чалавек. Па-руску гаворыць з моцным акцэнтам.

“Доктар, – тлумачаць мне, – іранец, ужо дзевяць месяцаў у СІЗА, пасадзілі за хабар”.

Той увогуле з шконкі амаль ня злазіць, сядзіць з кніжкаю у руках, вучыць нямецкую мову.

– Ты ангельскую ведаеш? – пытаюся я ў яго.

– Ведаю, – адказвае.

– А нашто табе нямецкая?

– Выйду адсюль, забяру сям’ю і зьеду ў Нямеччыну, – адказвае ён.

Двое маладых хлопцаў – адзін руды, гадоў дваццаці пяці, другі зусім яшчэ малады, мо крыху болей за дваццаць – голыя па пояс, у трэніках, ходзяць па камеры наўскос, туды-сюды, адзін насустрач другому, весела гамоняць, сьмяюцца.

“Кампутаршчыкі, –  тлумачаць мне, – разумныя, сабакі, хакеры”.

Увечары ў беларускіх навінах сказалі пра маё затрыманьне і агучылі артыкул, па якім я быў арыштаваны. Як толькі я пачуў па тэлевізіі сваё прозьвішча, гучна папрасіў: “Цішэй!” І ўся камера прыціхла. Сэнс быў такі: затрыманы нехта Б…, які выдае сябе за праваабаронцу, насамрэч злосны неплацельшчык падаткаў. Уключыўся механізм кампраметацыі. Мне было важна пачуць афіцыйную версію арышту, каб ведаць, як паводзіць сябе далей, бо хутчэй за ўсё за яе і будзе трымацца сьледзтва. Відавочна, што на тэлевізіі зачыталі ўзгоднены з “канторай” тэкст.

Штосьці падобнае мы ўжо праходзілі. У 2007 годзе па БТ прайшоў сюжэт, дзе паказалі вокны нашага офіса і паведамілі, што ў гэтай кватэры сядзіць незарэгістраваны Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які сваім існаваньнем парушае крымінальны кодэкс. Журналіст рытарычна запытваўся: куды ж глядзяць нашыя праваахоўныя органы? Але тады ўлады пабаяліся атакаваць “Вясну”. Зараз жа, пад шумок масавых затрыманьняў, арыштаў, судоў над “дзекабрыстамі”, гэта ўсё здалося ім прасьцей.

Назаўтра зранку, у нядзелю, у камеры быў крыху ўзбуджаны, вясёлы настрой. Зьняволеныя зьбіраліся ў гурты, перакусвалі, і ежы было болей на стале, і заварка для гарбаты шчадрэй насыпалася ў слоік – заварвалі “купчык”.

“Сёньня – Дзень будаўніка”, – патлумачылі мне.

Дзіўна мне было гэта чуць. Здаецца, сядзяць людзі за гэтую сваю клятую прафесію, павінны былі б узненавідзець яе і праклясьці той дзень, калі вырашылі стаць на сьцягу, што давяла іх да турмы, але ж не: беды бедамі, а чалавек усё-роўна ўспамінае тое лепшае, што было ў яго ў жыцьці і ў працы.

Удзень убачыў я, як Гена сядзіць, піша ліст, і мне закарцела што-небудзь напісаць, падаць вестку на волю. Папрасіў я ў яго аркуш паперы з школьнага сшытку, асадку, канверт, паабяцаў, сьмеючыся, што ў Ракаве аддам калі-небудзь, і сеў сам пісаць. Напісаў штосьці невыразнае і няўцямнае, адзінае што памятаю: “У мяне ўсё ў парадку”. Ды гэта і ня важна было, якія там словы. Важна было паслаць сігнал, што я жывы-здаровы і не згубіў галавы. Я прыгадваў прызабытае ўжо ўменьне пісаньня лістоў. Калі я апошні раз пісаў іх – ужо і ня памятаю, усё майлы, эсмээскі, званкі. І асадку, лічы, трымаць у руцэ развучыўся. А ліст з турмы – ён жа яшчэ ў дзесяць разоў важчэйшы за які іншы. І я гэта адразу адчуў. Пісаньне лістоў у турме – гэта місія.  Ёсьць у гэтых лістах нейкая асаблівая энэргія. Гэта, як ліст зь ніадкуль, ад чалавека, які як быццам бы і ёсьць, і якога як бы і няма. Зараз і я стаў такім чалавекам.

“Няўжо я буду жыць у гэтым кагале, – думаў я, укладаючыся спаць, – дзе схадзіць у прыбіральню – клопат, паесьці – праблема, пахадзіць – задача, дзе ніводнай хвіліны ты ня можаш пабыць сам на сам з сабой? А куды ж дзявацца, буду. Мне патрэбны час, каб звыкнуцца, зразумець, як і што тут робіцца, трэба хутка засвоіць усё самае неабходнае: як злазіць са шконкі і не наступіць на ляжачага ніжэй суседа, як даставаць і хаваць рэзку, каб яе не заўважыў кантралёр, як выключаць сьвятло ў прыбіральні гэтым паганым выключальнікам, як перахоўваць ежу, каб не псавалася, і яшчэ, і яшчэ”

Я засынаў, і думкі перыстай стужкаю беглі ў маёй галаве. Чалавек істота гнуткая, гэта я зразумеў ужо даўно, яшчэ ў войску. Чалавек звыкаецца багата з чым, прыстасоўваецца да любых умоваў. Прыстасуюся да гэтага гармідару і я, ня зломак. Адзінае з чым чалавек ніколі ня зьмірыцца, дык гэта з няволяй. Вось і я, пэўне ж, ніколі ня звыкнуся зь ёй.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VIII. ГЕНА

Зьняволеныя скідалі пантоплі, узувалі красоўкі, летнія лапці, нехта памяняў майку, хтосьці дастаў з-пад ложкаў пустыя паўтаралітровыя пластмасавыя пляшкі і набраў туды вады. Урэшце дзьверы адчыніліся, і зэкі па адным пачалі выходзіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства