За што ж Пятра Кучуру пазбавілі спатканняў і змясцілі ў ПКТ?
Жонка зняволенага ў ПК-15 Людміла Кучура атрымала адказ з Дэпартамента выканання пакаранняў на сваю вусную заяву, датычна пазбаўлення кароткатэрміновага спаткання з мужам нібыта за выкарыстанне ім нецэнзурных выразаў падчас тэлефоннай размовы з сынам 4 студзеня.
Людміла Кучура была на прыёме ў ДВП 8 студзеня, дзе прадаставіла супрацоўніку, які праводзіў прыём грамадзянаў, аўдыёзапіс размовы мужа і сына.
«Так як мы запісваем тэлефонныя размовы, у нас ёсць доказы таго, што мой муж ніколі не лаецца. І калі я прыйшла ў ДВП і падала запіс, мне сказалі, што мужа пазбавілі спатканняў за тое, што ён нібыта, калі адбываў пакаранне ў ШІЗА ў снежні, адмовіўся ад прыборкі», - кажа Людміла Міхайлаўна.
Яна ўпэўненая, што Пётр Кучура не мог адмовіцца ад прыборкі:
«Па-першае, таму што мой муж ужо ва ўзросце - яму за 60 гадоў, па-другое, у нас доўга ўжо не было спатканняў: працяглых - ужо год, адно кароткае было ў верасні месяцы. Натуральна, што чалавек у такім узросце чакае, што яго прыедуць наведваць, і наносіць сабе ўрон не стане. Тое, што ўсё гэта надумана адміністрацыяй калоніі - відавочна».
Таксама на прыёме ў ДВП Людміла Кучура пацікавілася, ці не пазбаўлены яе муж і перадачы. У адказ ёй сцвярджалі, што не, перадач яе мужа не пазбавілі. Тады 9 студзеня жанчына выслала пасылку, а цяпер даведалася, што яе ўсё ж такі вернуць назад.
«У адказе з ДВП сказана, што мой муж пазбаўлены спатканняў за тое, што адмовіўся прыбіраць у камеры ШІЗА, і што ён ужо змешчаны ў памяшканне камернага тыпу 11 студзеня за парушэнне п. 57.1, 57.4 і 58.11 Правілаў унутранага распарадку, сэнс якіх зводзіцца да таго, што муж выкарыстаў нецэнзурную лаянку ў тэлефоннай размове.
І пры ўсім пры гэтым, у адказе сцвярджаецца, што «прадузятае стаўленне да асуджанага Кучуры з боку супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі адсутнічае», - кажа Людміла Кучура.
Больш за ўсё жонку асуджанага здзіўляе тое, што ў Дэпартаменце ведаюць, што ў яе ёсць аўдыёзапіс тэлефоннай размовы, і яна прапаноўвала супрацоўнікам яе праслухаць. І ўсё роўна адміністрацыя калёніі вынесла спагнанне за тое, чаго відавочна яе муж не здзяйсняў.
Раней начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка заявіў Пятру Кучура, што ён «нікога не баіцца»
«І гэтым ён напэўна хоча паказаць, што не ён служыць у выканаўчай сістэме, а кіраўніцтва выканаўчай сістэмы ў прыслугованні ў Лазарэнкі», - заключае Людміла Міхайлаўна.
На днях Людміла Кучура атрымала ліст ад мужа, у якім ён пацвярджае, што яго 11 студзеня размясцілі ў ПКТ на тры месяцы за нібыта нецэнзурную лаянку падчас тэлефоннай размовы з сынам 4 студзеня.
«Аднак, рапарт пра гэта, а таксама рапарт ад 28.12.2018 ўжо перапісаны кімсьці ў іншым сэнсе. А 11 студзеня ўжо ў ПКТ на мяне зноў напісалі рапарт, што быццам бы я з 13:09 да 14:09 спаў», - піша Пётр Кучура.
Ён узгадвае, што 17 студзеня да яго прыйшлі ў ПКТ двое супрацоўнікаў калоніі і прапанавалі напісаць заяву на наведванне адвакатам, так як яго плануюць перавесці на турэмны рэжым да заканчэння тэрміну. У 16 гадзін таго ж дня Пятра Кучура выклікалі да начальніка калоніі па пытанні спагнання за сон, аднак той сказаў: «Цяпер мы цябе караць не будзем за злоснае парушэнне рэжыму, а абмяжуемся прафілактычнай гутаркай».
Асуджаны папрасіў прад'явіць яму відэаздымку, дзе было б бачна, спаў ён ці не ў паказаны ў рапарце час, на што атрымаў адказ, што «тут не кінатэатр і нічога яму паказваць не абавязаны».
У размове са зняволеным начальніка калоніі не пацвердзіў намер адправіць Пётр Кучура на турэмным рэжыме.
Людміла Кучура паведаміла, што і спагнанне, з-за якога іх з мужам пазбавілі спаткання, і размяшчэнне ў ПКТ Пётр Кучура мае намер абскардзіць у суд і Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці. Асуджанага не азнаёмілі з пастановамі аб накладанні спагнанняў, не далі магчымасці даць тлумачэнні.
Ён просіць Следчы камітэт правесці праверку па фактах выкладзеных у скарзе, а суд адмяніць накладзеныя спагнанні ў выглядзе пазбаўлення спаткання і змяшчэння ў ПКТ.
Нагадаем, напярэдадні Новага 2019 года стала вядома, што Пятра Кучура пазбавілі працяглага спаткання з роднымі, а адразу пасля - і кароткатэрміновага.