Ці законна затрыманага айца Вікенція пакінулі на ноч у камеры? Аўдыё
Увечары 26 лістапада супрацоўнік Перашамайскага РУУС Мінска Сяргей Каваль затрымаў святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктара Кавалькова) за тое, што ён прасіў міласціну ў жыхароў аднаго з дамоў горада. Міліцыянт палічыў, што такім чынам айцец Вікенцій, які мае другую групу інваліднасці, парушаў грамадскі парадак.
Святара прывезлі ў апорны пункт №78, дзе на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (арт. 17.1 КаАП) і пратакол асабістага дагляду. Па словах айца Вікенція, ён паказаў міліцыянтам сваё пасведчанне інваліда другой групы, аднак тыя паставіліся да яго з недаверам.
“Рэакцыя міліцыянтаў на пасведчанне была такой, быццам бы я нейкі шарлатан. Хоць было зразумела, што яно сапраўднае. Было бачна, што для іх гэта не з’яўляецца дакументам”, - распавядае Віктар Кавалькоў.
Складаннем пратаколаў міліцыянты вырашылі не абмяжоўвацца і завезлі святара ў галоўны пастарунак Першамайскага РУУС, дзе пакінулі на ноч у камеры.
“Перад тым, як змясціць у камеру, з мяне знялі маё святарска адзенне, забралі ўсе крыжы (хоць па царкоўных канонах свецкім асобам нельга да іх дакранацца)”.
Сама камера, паводле святара, была невялікая, дзесьці памерам 2 на 2 метра. У камеры стаяць вельмі цвёрдыя лаўкі, на якіх практычна немагчыма было спаць. Пра коўдру, падушку ці нават пра матрац гутаркі не ішло.
“Ноччу ў камеру прывялі яшчэ аднаго затрыманага, п’янага, які быў без цёплага адзення. Таму аддаў яму сваё паліто, каб той не замёрз”.
Таксама святар распавёў, што з-за стрэсавага стану амаль не спаў у тую ноч і кепска сябе адчуваў (каля года таму ён перанес інсульт).
На наступны дзень Кавалькова адвезлі ў суд Першамайскага раёна, аднак на судзе той заявіў хадайніцтва аб допуску да справы адваката, і таму працэс перанеслі, а святара адпусцілі.
Новае паседжанне па справе Віктара Кавалькова мусіць адбыцца 30 лістапада. Ён лічыць сваё затрыманне незаконным і накіраваў з гэтай нагоды скаргу ў пракуратуру Першамайскага раёна.
Ці парушылі закон міліцыянты, якія затрымалі чалавека з інваліднасцю другой групы больш, чым на тры гадзіны? Як апынулася, адносна гэтага пытання ў беларускім заканадаўстве існуе прабел, адзначае юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка.
“Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях не забараняе затрыманне людзей з інваліднасцю 1 і 2 групаў на тэрмін больш за тры гадзіны. Аднак яго прымяненне ў гэтым выпадку неабгрунтаванае, бо гэтай катэгорыі грамадзян у якасці адміністрацыйнага спагнання не можа быць прызначаны арышт.
Вядома, гэта прабел заканадаўства, які замахваецца на асноўныя правы людзей з інваліднасцю: заканадаўцы выключылі іх арышт з пераліку магчымых спагнанняў, таму што ва ўмовах арышту гэтыя людзі будуць адчуваць дадатковыя пакуты, абумоўленыя інваліднасцю. А як жа быць з затрыманнем на тэрмін звыш трох гадзін, якое па сутнасці ідэнтычна арышту, калі затрыманыя ўтрымліваюцца ў такіх жа ўмовах у ЦІП або ІЧУ? Відавочна, яно будзе прычыняць такія ж пакуты. І таму людзі з інваліднасцю павінны быць уключаны ў катэгорыю асоб, у дачыненні да якіх прымяненне затрымання на тэрмiн больш за тры гадзіны недапушчальна”.
Павел Сапелка лічыць, што ў такой сітуацыі затрыманаму варта звяртацца ў Канстытуцыйны суд для вырашэння пытання аб парушэнні яго канстытуцыйных правоў у сувязі з такім прабелам ў заканадаўстве. А органам ўнутраных спраў рэкамендуе ўстрымлівацца ад прымянення працяглага затрымання людзей з інваліднасцю.