Трывожныя весткі ад палітвязня Жамчужнага: знішчаюцца лісты і пагаршаецца зрок
Сябры і знаёмыя палітвязня Міхаіла Жамчужнага пакрысе сталі атрымліваць ад яго лісты і паштоўкі. Аднак далёка не ўся ягоная карэспандэнцыя пакідае сцены калоніі ў Горках, дзе ў памяшканні камернага тыпу зараз утрымліваецца палітвязень.
Як стала вядома праваабаронцам, былі знішчаныя па актах 5 з 10 лістоў, адпраўленых Жамчужным у апошні час. Як пазначана ў адпаведнай кнізе - “за прычыненне шкоды ахоўваемым законам правам дзяржорганаў, грамадскіх аб’яднанняў і асобных грамадзян. Сярод патрапіўшых пад нож – лісты Мікалаю Дзядку, Вользе Нікалайчык, Міхаілу Пастухову.
Крыху раней такім жа чынам знішчылі два лісты па прычыне “скарачэнняў у тэксце і ўмоўным абазначэнням”.
“Цэнзар жа на ўсё гэта маўчыць” – паведамляе праваабаронцам Жамчужны.
Праблемы маюцца і з атрыманнем Жамчужным лістоў з волі. Так, 25 верасня аператыўнікі ўручылі заказныя лісты Жамчужнаму, якія датаваныя яшчэ ліпенем. Аператыўны супрацоўнік калоніі патлумачыў такое спазненне з атрыманнем карэспандэнцыі тым, што палітвязень працяглы час знаходзіўся ў ШІЗА.
“Але раней хаця б нават у ШІЗА мяне ўведамлялі пад роспіс аб прыходзе на маё імя заказной карэспандэнцыі, а ўручалі пасля выхаду, і я тады не нерваваўся” – піша Жамчужны.
Нагадаем, палітзняволены Міхаіл Жамчужны пасля працяглага ўтрымання ў ШІЗА з 20 верасня змешчаны на месяц ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Міхаіл Жамчужны намерваецца абскардзіць сваё змяшчэнне ў штрафны ізалятар. Па ягоных падліках, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 года па кастрычнік 2018-га, ён адбыў у ШІЗА 270 сутак.
Такой працяглае знаходжанне у памяшканні і адсутнасць прагулак стала прычынай значнага пагаршэння зроку, паколькі пачалі атрафіравацца мышцы зрэнак.
Пасля першых выхадаў на прагулкі і вяртанні ў камеру – некаторы час Жамчужны нічога не бачыць, у вачах робіцца цёмна пасля дзённага святла.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.