Масавы мірны сход у абарону Курапатаў праходзіць у Мінску Фота Відэа Дапоўнена
На 16.00 9 верасня сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец абвясціў аб правядзенні масавага мірнага схода каля рэстарацыі "Поедем, поедим", што пабудаваны ў Курапатах.
Мэта сходу паводле арганізатараў - выказаць пратэст супраць функцыянавання незаконна пабудаванага рэстаранна-забаўляльнага комплексу.
На пачатку мерапрыемства на месцы сбора больш за 60 чалавек. Каля 5 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.
Прысутнічаюць Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Аляксандр Кабанаў, відэаблогер з Брэста Сяргей Пятрухін, Ніна Багінская, Алена Талстая ды інш.
Нагадаем, Павел Севярынец напярэдадні мірнага сходу быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).
Святар прачытаў малітву, пасля чаго ўдзельнікі мітынгу рушылі ў бок рэстарана "Поедем, поедим". Колькасць удзельнікаў значна павялічылася - больш за 100 чалавек.
Праз паўгадзіны ад пачатку мерапрыемства мітынгоўцы падыйшлі да рэстарана "Поедим, поедим".
Пратэсты супраць дзейнасці рэстаранна-забаўляльнага комплексу працягваюцца тры месяцы і пакуль што не даюць ніякіх вынікаў.
Удзельнікі акцыі спяваюць песні і чытаюць малітвы каля ўваходу рэстарана.
Ганна Шапуцька распавяла пра ахвяраў рэпрэсій Курапатаў і пра дабудаваны рэстаранны комплекс, куды людзі прыходзяць бавіць час. Яна сказала, что курапацкая вахта трымаецца больш за 100 дзён і спыняць яе актывісты не збіраюцца. А сёння мітынгоўцы зноў хочуць патрабаваць хутчэйшага закрыцця рэстарацыі "Поедим, поедим", а Ганна Шапуцька аб'явіла збор подпісаў пад зваротам, які будзе накіраваны прэм'ер-міністру Сяргею Румасу і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
Віталь Рымашэўскі вельмі ўдзячны абаронцам Курапатаў, бо сёння, па яго меркаванні, ідзе барацьба нават не за гісторыю, а за будучыню.
"Уладам выгадна сёння сутыкнуць беларусаў з беларусамі. Працягваць варту трэба і яна будзе працягвацца", - сказаў ён.
Не менш чым тры супрацоўніка міліцыі ў цывільным здымаюць мерапрыемства на відэакамеры.
Актывістка Вольга Нікалайчык распавяла, што ўчора не выпусцілі абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, які адбываў арышт нібыта за непадпарадкаванне міліцыі. Яго пакінулі да панядзелка за кратамі - да новага судовага паседжання.
Праз дзве гадзіны пасля пачатку мітынгоўцы разыходзяцца. Акцыя скончваецца гімнам "Магутны Божа" і агульным фотаздымкам удзельнікаў.