viasna on patreon

Беларусь: маніторынг выявіў парушэнні міжнароднага права падчас суду над двума прафсаюзнымі лідэрамі

2018 2018-08-03T15:27:38+0300 2018-08-03T15:52:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/observatory_omct_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парыж-Жэнева, 3 жніўня 2018 года

30 ліпеня 2018 года ў Савецкім раённым судзе г. Мінску пачаўся судовы працэс над двума прафсаюзнымі лідэрамі: сп. Генадзем Фядынічам і сп. Ігарам Комлікам. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT), якая на мінулым тыдні накіравала ў Беларусь місію па назіранні за судом, паведамляе пра шэраг парушэнняў стандартаў справядлівага судовага разбору і зноў звяртаецца да ўладаў з заклікам спыніць усе формы пераследу праваабаронцаў у краіне.

Сп. Генадзь Фядыніч і сп. Ігар Комлік, адпаведна старшыня і галоўны бухгалтар Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), ілжыва абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Судовы пераслед супраць іх звязаны з іх працай у прафсаюзе РЭП, які актыўна абараняе сацыяльныя і эканамічныя правы працоўных і беспрацоўных. Пасля многіх гадоў націску і пераследаў за сваю незалежную актыўнасць і абарону эканамічных і сацыяльных правоў працоўных улады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да прафсаюза РЭП у 2017 годзе.

На працягу вясны 2017 года прафсаюз РЭП рэзка раскрытыкаваў прэзідэнцкі ўказ №3, якім ўсталёўваўся збор з беспрацоўных і часткова занятых, а таксама аказваў юрыдычную дапамогу актывістам, затрыманым у выніку ўдзелу ў акцыях пратэстах супраць Дэкрэта. У адплату за гэта 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі зрабілі ператрусы ў офісах прафсаюза РЭП, канфіскавалі дакументы і камп'ютары, і арыштавалі сп. Фядыніча і сп. Комліка. Хоць абодва яны былі ў канчатковым выніку вызваленыя (Комлік правёў два месяцы ў папярэднім зняволенні), ім было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса па артыкуле «ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», якая раней выкарыстоўвалася для рэпрэсій супраць іншых праваабаронцаў і крытыкаў улады: у 2011 годзе сп. Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і на той момант віцэ-прэзідэнт FIDH, быў абвінавачаны па тым жа артыкуле і пасля асуджаны да чатырох гадоў турэмнага зняволення.

У ходзе слуханняў, якія адбыліся 30 і 31 ліпеня, прадстаўнікі ўладаў сцвярджалі, што ў перыяд з 2011 па 2012 гг. сп. Фядыніч і сп. Комлік уступілі ў змову з мэтай атрымання замежнага фінансавання ў выглядзе пераводаў на банкаўскі рахунак у Вільні, Літва, а таксама здымалі і перапраўлялі наяўныя сродкі назад Беларусь з дапамогай сваіх калегаў. На працягу двух дзён судовага разбору назіраліся наступныя парушэнні правоў на справядлівае судовае разбіральніцтва:

- Па-першае, з сямі сведкаў абвінавачвання, апытаных бакамі, толькі двое паведамілі, што яны валодаюць якой-небудзь непасрэднай інфармацыяй пра падзеі на працягу перыяду, які інкрымінуецца. Тым не менш, усім ім было дазволена даваць паказанні, нягледзячы на ​​пярэчанні абаронцы, што такія паказанні не адносяцца да справы.

- Па-другое, падчас слуханняў пяць з сямі сведкаў скардзіліся, што іх дасудовыя заявы, якія інкрымінуюць абвінавачаным, былі атрыманыя ў выніку пагроз, запалохвання і іншага ціску з боку супрацоўнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі ў ходзе першапачатковых допытаў, якія прайшлі ў дзень ператрусаў у жніўні 2017 года, а таксама супрацоўнікамі Следчага камітэта ў кастрычніку 2017 года. Больш за тое, некалькі сведак паведамілі, што падчас допытаў з імі абыходзіліся як з абвінавачанымі ці падазраванымі па справе, у тым ліку адзін сведка сцвярджаў, што яго імя ў якасці падазраванага было напісана ў пратаколе ператрусу.

- Па-трэцяе, у шэрагу выпадкаў суддзя Марына Фёдарава дазволіла пракурорам прыдзірацца і перарываць сведак, нягледзячы на ​​пярэчанні з боку абаронцы.

Абсерваторыя лічыць, што гэтыя дзеянні парушаюць абавязацельствы Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і яе ўласную Канстытуцыю, і мяркуюць, што судовая справа супраць сп. Фядыніча і сп. Комліка накіравана выключна на спыненне іх прафсаюзнай і праваабарончай дзейнасці. Назіральнік будзе працягваць уважліва сачыць за працэсам да яго завяршэння і заклікае беларускія ўлады пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць лідэраў прафсаюза РЭП, а таксама ўсіх прафсаюзных актывістаў і праваабаронцаў у краіне.


*Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаваньняў (OMCT). Мэта праграмы - умяшальніцтва з мэтай прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства