Цёплыя сустрэчы ў 55 гадавіну прыняцьця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека
10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і журналіст Генадзь Барбарыч наведалі ў г.Баранавічы Віктара Івашкевіча -- вядомага палітвязьня, былога радактара газеты “Рабочы”, які адбывае пакараньне (абмежаваньне свабоды) за замах на паклёп у адносінах прэзідэнта А.Лукашэнкі.
Віктару Івашкевічу была прывезеная харчовая перадача, адбылася вельмі цёплая сустрэча, падчас якой Віктар Івашкевіч адзначыў, што ён вельмі ўдзячны Правабарончаму цэнтру “Вясна” і Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія на працягу ўсяго тэрміну зьняволеньня зьвярталі ўвагу грамадскасьці на незаконнасьць яго асуджэньня і аказвалі усемагчымую дапамогу.
16 сьнежня заканчваецца тэрмін пакараньня Віктар Івашкевіча, ён вяртаецца ў Мінск, у яго вельмі добры настрой, ён плануе працягваць грамадска-палітычную дзейнасьць.
Нагадаем, што 7 сьнежня сябра Праваабрончага цэнтру “Вясна” Тацяна Рэвяка, Вольга Завадская -- маці зьніклага без вестак журналіста Дзьмітрыя Завадскага, журналіст Алесь Дашчынскі наведалі ў г.Васілевічы Ульляну Рыгораўну Захаранку – маці зьніклага без вестак былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.
Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” плануюць працягнуць падобныя паездкі – у бліжэйшы час наведаюць Валянціну Адамаўну Ганчар -- маці зьніклага без вестак віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, сустрэнуцца з Ксеніяй Сідараўнай Красоўскай – маці зьніклага без вестак прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.