viasna on patreon

7 ліпеня – гадавіна знікнення Дзмітрыя Завадскага

2017 2017-07-07T11:16:12+0300 2017-07-07T11:22:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavadski-baj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Cёння спаўняецца 17 гадоў з моманту знікнення пры нявысветленых абставінах журналіста Дзмітрыя Завадскага. За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытанні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства і што насамрэч здарылася з Дзмітрыем, нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае знявлоленне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

Расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.

Вясной 2016 года былая жонка зніклага Святлана Завадская як пацярпелая па справе аб знікненні Завадскага двойчы звярталася ў Следчы камітэт з хадайніцтвам пра атрыманне інфармацыі па крымінальнай справе і копій шэрагу працэсуальных дакументаў.

Святлана Завадская прасіла Следчы камітэт паведаміць, ці аднаўлялася папярэдняе расследаванне справы, і калі не – то па якіх прычынах. Таксама яна прасіла выдаць ёй копіі пастаноў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, вылучэнне матэрыялаў у асобную вытворчасць і прыпыненне вытворчасці па крымінальнай справе. Яна ўказала, што копіі працэсуальных дакументаў ёй неабходныя для абскарджання дзеянняў (бяздзеяння) органа крымінальнага пераследу.

У адказ Святлане Завадскай паведамілі, што вытворчасць па крымінальнай справе прыпыненая, і што закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў” заявіла, што па-ранейшаму патрабуе ад кампетэнтных органаў поўнага расследавання абставін знікнення Дзмітрыя Завадскага.

“Заклікаем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не забываць пра справу Завадскага і не даваць забыць яе ўладам да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра гэтае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства