Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Каментар”: Падчас канферэнцыі “Падаць рэпрэсіям урок”, якая адбылася ў Мінску на мінулым тыдні, прадстаўнікі студэнцкіх і праваабарончых арганізацый падпісалі сумесны зварот да замежных партнераў беларускіх універсітэтаў. Мэта звароту - заклікаць замежныя арганізацыі станоўча паўплываць на стан акадэмічных свабод і правоў студэнтаў у Беларусі. Праваабаронцы і моладзевыя актывісты тлумачаць, чаму іх арганізацыі вырашылі далучыцца да звароту.
“Падзея”: Усе фігуранты справы “аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання” выйшлі на волю. Першапачаткова ўсе яны былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, а пазней ім было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне па артыкуле 287 КК РБ. Сяргей Стрыбульскі, адзін з першых затрыманых у межах гэтай справы, распавядае пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ і ў СІЗА№1, а праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч разважае наконт магчымых сцэнараў далейшага развіцця справы.
“Асоба”: Валанцёр Праваабарончага цэнтру “Вясна” Кірыл Кажэнаў. 18 чэрвеня ён удзельнічаў у місіі па назіранні за гейпрайдам у Кіеве, а пасля назірання быў збіты праціўнікамі ЛГБТ-супольнасці на адной з станцый метро. Кірыл распавядае, як разгортваліся падзеі пасля таго, як назіранне за акцыяй скончылася.
У музычных паўзах – кампазіцыі гурта Sciana.