У Магілёве пасля ўдзелу ў маршы недармаедаў адлічылі студэнтку
Рэктар МДУ імя А.А. Куляшова Канстанцін Бандарэнка абвясціў Алене Кісель, што яе афіцыйна адлічваюць з ВНУ. Дзяўчыне да заканчэння ўніверсітэта заставалася каля трох месяцаў, паведамляе mspring.online.
Па словах студэнткі, па фармальных прычынах яе адлічылі за вялікую колькасць пропускаў – больш за 30 дзён у навучальным годзе. Яна не адмаўляе сваёй віны, але сцвярджае, што раней ніхто не звяртаў на пропускі увагі.
– Я думаю, што ад мяне пазбавіліся па палітычных прычынах. Я ўдзельнічала ў акцыі пратэсту 15 сакавіка, за што мяне затрымалі і склалі пратакол за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. 16 сакавіка мне прысудзілі штраф 15 базавых велічынь. На наступны дзень пасля суду мяне выклікалі ў дэканат. Дэкан і куратар пачалі пытацца ў мяне, для чаго я хадзіла на гэтую акцыю, што я там рабіла. Пасля гэтага сказалі пісаць тлумачальную на імя рэктара, навошта я ўдзельнічала ў ёй. Я адмовілася, сказаўшы, што ў мяне ёсць права на выказванне свайго меркавання і я ім скарысталася. Пасля гэтага яны пачалі казаць мне пра мае пропускі і сказалі, каб я пісала тлумачальную па іх. Я гэта зрабіла.
Дзяўчына кажа, што прапускала вучобу таму, што дапамагала свайму сябру, яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі Канстанціну Чарнову. У хлопца зламаныя абедзве рукі, таму яму цяжка нават апрануцца. Адміністрацыя ўніверсітэта не прызнала гэтую прычыну вартай.
-22 сакавіка мяне выклікалі на Савет прафілактыкі ўніверсітэта. Акрамя мяне раптам зацікавіліся яшчэ дзьвума дзяўчынамі з маёй групы. Адной аб’явілі вымову. А мяне і яшчэ адну студэнтку аднагалосна вырашылі адлічыць.
Кісель не выключае, што такім чынам кіраўніцтва універсітэта спрабуе замаскіраваць палітычную падаплёку свайго рашэння.
– На факультэце заўсёды былі праблемы з наведвальнасцю, прычым не толькі на апошнім курсе. Аднак ніколі не было такога, каб чалавека за гэта адлічылі, тым больш калі да канца вучобы застаецца так мала часу. Тым больш, што раней мне не выносілі папярэджанні, не рабілі вымовы, – распавяла Алена Кісель. – Аднак на пасяджэнні ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб мяне выключылі з ВНУ.
На наступны дзень, 23 сакавіка, Алена Кісель сустрэлася з рэктарам, каб пераканаць яго не адлічваць яе, аднак гэта не атрымалася.
Дзяўчына навучалася на апошнім курсе на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Да атрымання дыплома ёй заставалася менш за 4 месяца.
Таксама стала вядома, што адміністрацыя БДПУ ім. М. Танка пачала ціснуць на студэнцкага актывіста Крысціяна Шынкевіча. Яму ўжо абвешчаная вымова, а выкладчыкаў просяць пісаць на студэнта дакладныя.