Журналіст рэчыцкай газеты страціў працу пасля канцэрта Вольскага
Былы журналіст рэчыцкай газеты «Дняпровец» Андрэй Мядзведзеў распавёў на Facebook пра абставіны свайго звальнення. Ён заяўляе, што быў звольнены з палітычных матываў. Галоўны рэдактар гэта адмаўляе, паведамляе "Гомельская Вясна".
Мядзведзеў піша, што прыйшоў у «Дняпровец» у 2010 годзе ў якасці карэспандэнта аддзелу сельскага жыцця, праз паўтара года ўзначаліў аддзел, яшчэ праз паўгода стаў адказным сакратаром. На кароткі час пад яго быў створаны аддзел расследаванняў, але ніводзін з яго першых трох матэрыялаў не пайшоў у друк.
Праблемы ў Мядзведзева, як ён сцвярджае, пачаліся з матэрыялу пра святкаванне дня народзінаў Анатоля Сыса, які ў апошні момант перад здачай газеты ў друк замянілі на іншы. Затым начальству не спадабалася, як журналіст пісаў на сайце газеты, што Іван Сусанін — не нацыянальны герой Беларусі. Пасля публікацыі ліставання Мядзведзева з мясцовым аўтапаркам, у якім журналіст прасіў вярнуць на аўтобусы беларускамоўныя шыльды, ён быў вымушаны «добраахвотна» сысці з пасады адказнага сакратара.
«Усялякая крытыка апынулася ў газеце пад „жэстачайшай“ забаронай, — піша Мядзведзеў. — А людзі просяць дапамагчы вырашыць нейкія пытанні. Даводзілася пісаць артыкулы і прапаноўваць тым СМІ, дзе гэта пройдзе. Мяркую, тыя, каму гэта трэба было, паводле стылю цудоўна ідэнтыфікавалі аўтара, не зважаючы на тое, што пад артыкуламі стаяў прыдуманы псеўданім».
Пасля гэтага начальнік выклікаў яго на размову, прымусіў напісаць заяву аб сыходзе па ўласным жаданні, не паставіўшы даты, і дазволіў працаваць далей.
Але калі ў інтэрнэце з'явіліся фота з гомельскага канцэрту Лявона Вольскага, дзе Мядзведзеў быў у цішотцы з «Пагоняй», галоўны рэдактар запатрабаваў напісаць новую заяву аб «добраахвотным» сыходзе з працы, ужо з датай, але прасіў дапрацаваць да канца месяца. Мядзведзеў лічыць, што звальненне звязанае таксама з публікацыяй ім «УКантакце» паста пра супольны парад Чырвонай арміі і вэрмахту ў 1939 годзе.
«Я не лічу, што я страціў працу. Я набыў свабоду! — завяршае свой аповед Мядзведзеў. — А гэта для мяне значна больш каштоўнае за крэсла ў кабінеце і аклад. А ўжо працы я сабе і ў такіх варунках знайду!»
Галоўны рэдактар «Дняпроўца» Ігар Сяргееў сказаў Свабодзе, што не патрабаваў ад Мядзведзева звальняцца:
«Ён звольніўся па ўласным жаданні, ёсць яго заява, напісаная яго рукой. Я чытаў, што ён там панапісваў. Я не буду зваць яго назад. Я падпісаў заяву, і ўсё, з якога дня напісаў — з такога і звольніў. Таму ніякіх тут палітычных матываў няма. У нас учора ў газеце выйшаў яго матэрыял! Якія палітычныя матывы? Глупства нейкае. А я яго не прасіў агарод сабе ўзараць, у космас злётаць?»
Сяргееў прапануе Мядзведзеву аспрэчваць заяву ў судзе, калі той лічыць звальненне несправядлівым. Але кажа, што пасля заяваў не ўзяў бы журналіста назад на працу. Маўляў, «разлічваў, што чалавек будзе працаваць, а ён вось так».