viasna on patreon

Мінская прадпрымальніца правяла месяц у шпіталі пасля праверкі Мінгандлю

2016 2016-06-06T15:52:29+0300 2016-06-06T15:54:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aliahnovich_taciana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Аляхновіч, фота выдання "Новы часу"

Таццяна Аляхновіч, фота выдання "Новы часу"

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася прадпрымальніца Таццяна Аляхновіч. Яна распавяла працяг гісторыі праверкі ў яе міні-кафэ ў Мінску, пра якую раней пісаў «Новы час».

Пасля нечаканага візіту Мінгандлю з праверкай у міні-кафэ, яго ўладальніцу Таццяну Аляхновіч забрала хуткая з высокім ціскам, а праз некаторы час яна на месяц шпіталь ў бальніцу з нервовым зрывам.

«Цяпер у мяне час ад часу ўзнікаюць панічныя атакі, ніколі да гэтага ў мяне іх не было. Я перыядычна пачынаю задыхацца», - распавядае прадпрымальніца.

30 траўня ў Мінгандлі праходзіў адміністрацыйны працэс у дачыненні да прадпрымальніцы. Таццяна Аляхновіч папрасіла журналіста «Новага Часу» схадзіць разам з ёй на працэс, каб быць сведкам таго, як там ставяцца да людзей.

«Мы прыйшлі, у мяне папрасілі пашпарт, але я палічыла, што павінна даведацца для якіх мэт яго ў мяне пытаюцца. Супрацоўнікі Мінгандлю сталі толькі смяяцца з мяне.

Я спытала, ці знайшлі мой асартыментны пералік, які быў канфіскаваны без складання адпаведнага акта пры правядзенні праверкі, хто з нібыта «журналістаў» прысутнічаў і на якіх падставах яны прыйшлі да мяне ў кафэ з праверкай. Але ніякіх выразных адказаў не паступіла.

Тады я папрасіла зачытаць мае правы, так як вядзецца адміністрацыйны працэс, але мне ў гэтым чамусьці таксама адмовілі, спасылаючыся на пункты, запісаныя ў пратаколе.

Я звярнула ўвагу супрацоўнікаў Мінгандлю, што ў адпаведнасці з ПВКаАП, пратакол павінен  складацца ў маёй прысутнасці і я маю права прадастаўляць доказы. Я пачала прадастаўляць такія доказы, у тым ліку відэаздымкі камер назірання ў кафэ, нейкія іншыя дакументы. Але нічога не было выпраўлена, а ў надрукаваным загадзя пратаколе адразу было адзначана, што я ніякіх прэтэнзій не маю, ніякіх сведчанняў у мяне няма. Я адмовілася падпісваць такі пратакол, таму што ў мяне ёсць і сведчанні, і заўвагі да пратаколу», - успамінае прадпрымальніца.

Трохі пазней, калі журналістка сышла, а муж Таццяны Аляхновіч ад'ехаў за неабходнымі дакументамі, Васілеўская Наталля - начальніца, якая нават не прысутнічала на праверцы, але значылася па паперах - выклікала прадпрымальніцу да сябе ў кабінет. Размова з ёй адбывалася на падвышаных танах.

«Гэтая гутарка выклікала ў мяне прыступ - я пачала задыхацца, а калі вярнуўся мой муж, Васілеўская стала выганяць яго з кабінета, абгрунтоўваючы гэта тым, што ён не мае права там знаходзіцца. У выніку яна выгнала мужа з кабінета, а я выйшла ўслед за ім, і ў калідоры страціла прытомнасць. Як пазней распавёў мне муж, з суседняга кабінета выбегла супрацоўніца, яна прапанавала вады, выклікалі хуткую дапамогу. У сваю чаргу, Васілеўская падышла да супрацоўнікаў хуткай, каб удакладніць, што дрэнна мне стала не ў яе ў кабінеце, а ў калідоры», - распавядае прадпрымальніца.

Цяпер Таццяне Аляхновіч неабходна з'явіцца ў Міністэрства гандлю 6 чэрвеня для далейшага разгляду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства