viasna on patreon

Мінаблвыканкам: правы беларускамоўных грамадзян не парушаюцца

2016 2016-02-24T11:21:28+0300 2016-02-24T11:21:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belaruskaja-mova-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім абласным выканаўчым камітэце лічаць, што правы беларускамоўных грамадзян у Салігорску не парушаюцца, бо моўная роўнасць закладзена ў Канстытуцыі і Законе “Аб мовах”. Канкрэтыя факты моўнай дыскрымінацыі ў рэгіёне, прадстаўленыя мясцовай суполкай ТБМ, чыноўнікі Мінаблвыканкаму наўпрост праігнаравалі.

- Мы накіроўвалі старшыні Мінскага аблвыканкаму і дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў зварот, у якім казалі пра адсутнасць у Салігорску беларускамоўных садкоў, школаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных ўстаноў. Гаварылі, што ўбачыць у горадзе роднае, беларускае слова амаль немагчыма. Практычна ва ўсіх узведзеных у апошнія гады крамах вонкавая інфармацыя выканана толькі па-руску. Што казаць, калі афіцыйная інфармацыя Салігорскага райвыканкаму ў раённай газеце “Шахцёр” па-беларуску ніколі не падаецца. Нават шыльда на фасадзе ўваходу ў мясцовы райвыканкам і Савет дэпутатаў мае толькі рускамоўны варыянт, - кажа старшыня Салігорскай арганізацыі Таварыста беларускай мовы Уладзімір Масакоўскі.

У сваім звароце тэбээмаўцы спрабавалі давесці абласным уладам, што з боку салігорскага райвыканаму адсутнічае належны кантроль за выкананнем артыкула 17 Канстытуцыі Беларусі, і адказнасці за гэта ніхто не нясе.

- Намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінаблвыканкаму Таццяна Хмель адно толькі працытавала вытрымкі з заканадаўства аб тым, што дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы выхавання, навучання і ўжывання ў дзяржаўнай і грамадскай сферах жыцця. На падставе гэтых фармальных і насамрэч дэкларатыўных рэчаў яна зрабіла выснову аб рэальнай адсутнасці парушэнняў правоў беларускамоўных грамадзян у Салігорску. Пра канкрэтныя факты дыскрымінацыі і пра адказнасць салігорскіх чыноўнікаў за ганебны стан беларускай мовы ў рэгіёне спадарыня Хмель у сваім адказе нават не згадала, - з жалем канстатуе Уладзімір Масакоўскі.

Па словах старшыні салігорскага ТБМ, спыняць сваю барацьбу за моўную роўнасць яны не збіраюцца. Бліжэйшым часам ад імя сяброў арганізацыі бузе накіраваны калектыўны зварот у Палату прадстаўнікоў з патрабаваннем усталяваць кантроль за імплементацыяй артыкула 17 Канстытуцыі Беларусі і Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” у адпаведнасці з яго духам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства