viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Сістэмных якасных зменаў у галіне правоў чалавека я не назіраю

2016 2016-02-08T08:43:22+0300 2016-02-08T08:43:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Днямі стала вядома, што арышт з маёмасці кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага зняты, паколькі быў накладзены “памылкова”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае сайту palitviazni.info пра гэтую гісторыю, а таксама пра тое, што атрымалася з “гучнай справы графіцістаў”.

Як паведаміў spring96.org, Алесь Бяляцкі атрымаў адказ з аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна г. Мінска, куды абскарджваў пастанову пра накладання арышту на долю ў кватэры, дзе ён пражывае з сям’ёй.

Пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад 21 снежня 2015 года і пастанову аб накладанні арышту на 18/100 долі кватэры ад 4 студзеня 2016 года, вынесеныя загадчыкам сектара №2 аддзела прымусовага выканання Міхаілам ГастэламАлесь Бяляцкі абскардзіў на імя начальніка аддзела.

Разгледзеўшы скаргу, Людміла Кабычкіна 25 студзеня пастанавіла:

“У скарзе Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу на пастанову загадчыка сектарам №2 Гастэлы Міхаіла Міхайлавіча аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад 21.12.2015 аб абарачэнні ў кошт канфіскацыі маёмасці 18/100 долі на праве ўласнасці на кватэру <…> і на пастанову ад 04.01.2016 аб накладанні арышту на ўказаную маёмасць адмовіць, у сувязі з тым, што адпалі падставы для задавальнення ці адмовы ў задавальненні патрабаванняў, якія ўтрымліваліся ў скарзе Бяляцкага А.В.”

У першай частцы пастановы Людміла Кабычкіна тлумачыць, якім чынам “адпалі падставы”. З гэтага тлумачэння вынікае, што суд Першамайскага раёна горада Мінска (гэты суд 24 лістапада 2011 года асудзіў Алеся Бяляцкага да пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці), адклікаў вынесены ім выканаўчы ліст з аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна горада Мінска ў сувязі з “памылковым накіраваннем дадзенага выканаўчага ліста”. На падставе гэтага, аддзел прымусовага выканання Партызанскага раёна адклікаў пастанову аб накладанні арышту на маёмасць Алеся Бяляцкага і 22 студзеня вынес пастанову пра завяршэнне выканаўчай вытворчасці.

Такім чынам, арышт з 18/100 долі кватэры, у якой Алесь Бяляцкі пражывае з сям’ёй, зняты.

– Суд вынес пастанову аб заканчэнні па справе, таму, мяркую, пытанне ў гэтай частцы вырашана, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Такім чынам, атрымліваецца, што наш офіс застаецца пад арыштам, а на долю кватэры, у якой жыве Алесь з сям’ёй, арышт знялі.

– Верыце, што арышт на самай справе быў “памылкай”?

– Складана сказаць, і тут я дапускаю варыянты “пяцьдзесят на пяцьдзесят”. Гэта на самай справе магла быць тэхнічная незразумеласць, хаця з іншага боку выканаўчы ліст Першамайскі суд вынес і даслаў яго ў аддзел прымусовага выканання Партызанскага раёна сталіцы ў снежні 2015 году. Прысуд па справе Алеся Бяляцкага быў у 2011 годзе, але чамусьці аж праз чатыры гады раптам з’явіўся выканаўчы ліст аб накладанні арышту на маёмасць Алеся. Таму зусім верагодна, што гэта было звязана з актыўнасцю “Вясны” і спадара Бяляцкага ў апошнія месяцы.

— Але ў арышт у выніку знялі. Можа быць, такі крок ўлады адмыслова зрабілі напярэдадні разгляду ў Еўропе ў лютым “беларускага пытання” па санкцыях? Тым больш, і графіцістам суд вынес “ліберальныя” прысуды…

– Лепш было б, каб “справу графіцістаў” наогул спынілі яшчэ на этапе следства. Усе працэсуальныя магчымасці для гэтага былі. А то тыя, хто распачаў справу, прыйшлі ў суд і зганьбіліся з 9 тамамі справы і матэрыяламі праслухоўвання тэлефонных размоваў, каб у выніку вынесці штрафы. Такія пакаранні даюць за ўдзел у пікеце. Таму я не разумею, які быў сэнс ісці на працэс з абвінавачваннямі ў злосным хуліганстве? Так, ёсць тэндэнцыя, што ўлады ўстрымліваюцца зараз ад жорсткага пераследу апанентаў, але з іншага боку нейкіх сістэмных якасных зменаў у галіне правоў чалавека і жадання іх рабіць я не назіраю.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства