viasna on patreon

Экспэрымэнт Вінаградава: Прыйшоў у суд з рэчамі, але атрымаў штраф 6 мільёнаў 300 тысяч (відэа)

2016 2016-02-05T15:31:46+0300 2016-02-05T15:48:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vinahradau-mag34.jpg
Павел Вінаградаў. Фота: Караліна Палякова / 34mag.net

Павел Вінаградаў. Фота: Караліна Палякова / 34mag.net

Актывіста «Zмены» Паўла Вінаградава пакаралі штрафам за акцыю супраць новых падаткаў.

31 студзеня Павал разам з асобамі з закрытымі тварамі прынёс на ганак падатковай інспэкцыі Менску на вуліцы Маскоўскай труну, на вечку якой было напісана: «У труне мы бачылі вашы падаткі». Таксама Вінаградаў паклаў да труны плякат з надпісам «Хопіць рабаваць свой народ». Пра акцыю стала вядома праз інтэрнэт, міліцыя ўдзельнікаў не затрымлівала.

Судзіла Паўла Вінаградава судзьдзя Тацяна Матыль, якой актывіст адразу заявіў пра недавер, матывуючы гэта тым, што судзьдзя неаднаразова выносіла несправядлівыя, на яго думку, прысуды актывістам апазыцыі. Адвод на свой адрас Тацяна Матыль адхіліла і зачытала пратакол, які склалі на Паўла Вінаградава міліцыянты з Маскоўскага РУУС. «Вы супроць падаткаў? Якіх?» — запытала судзьдзя ў актывіста «Zмены».

«Вядома, я не супроць падаткаў у прынцыпе. Але апошнім часам зьявілася шмат падаткаў, якія проста рабуюць людзей. А тут яшчэ абвяшчаюць пра новыя паборы. Вось намераны падвысіць падатак за ўтылізацыю з аўтамабілістаў. Магу назваць і іншыя», — адказаў Павал Вінаградаў. Таксама актывіст быў нязгодны з інкрымінаваным яму артыкулам аб правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

«Які гэта пікет? Пікет — гэта нешта стацыянарнае. А мы прынесьлі труну з надпісам, я таксама прынёс плякат, і паклалі на ганку падатковай. Паставілі ўсё і сышлі. Гэта быў такі пэрформанс, інсталяцыя», — даводзіў актывіст.

Павал Вінаградаў быў бы згодны, каб яго судзілі паводле іншага артыкула — за парушэньне добраўпарадкаваньня.

У выніку суд прызнаў Паўла Вінаградава вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага пікету і прысудзіў штраф памерам 30 базавых велічынь. Пакунак з рэчамі, які Павал Вінаградаў захапіў з сабой у суд на выпадак адміністрацыйнага арышту, яму не спатрэбіўся.

Напярэдадні суду Павал казаў, што заадно паставіў сваёй акцыяй экспэрымэнт: будуць улады караць за вулічную акцыю арыштам ці абмяжуюцца штрафам? Што паказаў, на думку Вінаградава, ягоны экспэрымэнт?

«Што пратэставаць можна. І можна не баяцца арышту за свой пратэст. Паколькі ўлады Беларусі спадзяюцца на новы крэдыт МВФ, паколькі наперадзе вырашэньне лёсу санкцыяў супроць рэжыму, ён робіць выгляд, што ўсё добра, трымае ўсьмешку на твары», — адказаў Павал Вінаградаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства