viasna on patreon

Мікалай Аўтуховіч: 8 лютага мяне арыштавалі, і 8 лютага я стану вольным

2016 2016-02-05T09:46:10+0300 2016-02-05T09:46:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота: svaboda.org

Мікалай Аўтуховіч. Фота: svaboda.org

Спынены прэвентыўны нагляд за былым палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам.

Пад прэвентыўным наглядам ваўкавыскі прадпрымальнік знаходзіўся 22 месяцы. 4 лютага Ваўкавыскі раённы суд прыняў канчатковае рашэнне аб ягонай свабодзе, і 8 лютага а 24-й гадзіне прэвентыўны нагляд сканчаецца.

“У мяне да апошняга былі сумненні, што нагляд здымуць”, – распавёў Мікалай Аўтуховіч сайту palitviazni.info.

– Два дні таму мне патэлефанавалі і сказалі, што будзе суд, – кажа Мікалай Аўтуховіч. – Інспектар, які мяне “вёў”, сказаў, што ніякіх прэтэнзій няма, маўляў, “кліент” паводзіў сябе добра. Пракорор і суддзя таксама былі не супраць таго, каб зняць прэвентыўны нагляд. І праз паўгадзіны вынеслі рашэнне на маю карысць.

– Ці былі ўсё ж-такі некаторыя апасенні, што нагляд могуць працягнуць?

– Натуральна! Мінулым разам, напрыклад, напісалі ў прысудзе: “Працягнуць нагляд, улічваючы асобу Аўтуховіча”. Мая асоба – гэта падстава для працягнення нагляду? Гэта ж ні ў якія юрыдычныя рамкі не ўлазіць.

– Дарэчы, якія яшчэ былі падставы, каб вам працягнулі тады нагляд?

– Там прысутнічала невялікае парушэнне. Я паехаў у Гродна, мне трэба было тэрмінова патрапіць. А нехта “зліў” мяне, і ДАІшнікі ўжо чакалі на ўездзе ў горад. Прывезлі ў аддзел міліцыі, я там з усімі за руку здароваюся, бо добра ведаў міліцыянтаў. Калі прызджаў у горад, у гэтым райаддзеле заўсёды адзначаўся. А капітан, які мяне прывёз, пытае: “Хто ты такі? Нас усіх па трывозе паднялі, АМАП паднялі, каб цябе затрымалі, а ты тут з міліцыянтамі, як з сябрамі здароваешся”. Адказваю: “Набяры ў пошукавай сітсэме прозвішча Аўтуховіч і даведаешся, хто я такі”.

– Прэвентыўны нагляд дастаўляў шмат нязручнасцей?

– Натуральна. Два разы на ноч, напрыклад, прыходзілі правяраць, ці дома я. Трэба было падымацца ў дзве гадзіны ночы і ў чатыры. А ў 6 гадзін раніцы ізноў пад’ём – на працу. Я, калі мароз быў, у трусах на вуліцу сам выходзіў сустракаць начных гасцей. Пытаюцца: “У вас усё добра?” Якая табе справа – добра мне ці дрэнна? Прыйшоў, убачыў мяне і – да пабачэння.

З-за нагляду я не мог пайсці ў той жа рэстаран, калі нехта запрашаў на ўрачыстую вечарыну, трэба было браць дазвол нават тады, калі вырашыў з’ездзіць да доктара. Маглі адмовіць без аніякай матывацыі. Нельга – і ўсё.

– 8 лютага вы ўжо станеце вольным?

– Вольнага паветра я ўсё роўна не буду адчуваць, бо мы ведаем, у якой краіне жывем. Дарэчы, 8 лютага 2009 году мяне арыштавалі і менавіта 8 лютага сканчаецца прэвентыўны нагляд. Такія вось супадзенні…

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства