Праваабаронцы канстатуюць медыйны застой на Салігоршчыне
Салігорскія праваабаронцы канстатуюць працяглы застой у медыйнай сферы рэгіёну. Нават такія важныя для грамадства з’явы, як прэзідэнцкія выбары і балючае падзенне эканомікі, не знайшлі шырокага асвятлення ў мясцовых сродках масавай інфармацыі.
Асаблівасцю мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў рэгіёне стала не толькі яе пасіўнае асвятленне афіцыйнымі ды наўпрост залежнымі ад уладаў прыватнымі СМІ, але і невялікая цікавасць да выбараў з боку незалежных рэгіянальных медыя рэсурсаў. Паслявыбарчы перыяд таксама не адзначыўся ўздымам на Салігоршчыне журналістыкі вострасацыяльнай ды грамадска-палітычнай скіраванасці. Мясцовыя праваабаронцы кажуць пра зацяжную медыйную стагнацыю.
Выканкамаўская газета “Шахцёр”, дзяржаўны “Салігорскі тэлеканал”, кантраляваныя ўладамі прыватныя сайт “Электронны Салігорск” і газета “Лідэр-Прэс” па-ранейшаму трымаюцца палітыкі самацэнзуры ці нават непрыхаванай дзяржпрапаганды.
Рэгіянальнае выданне “Інфа-кур’ер” дазваляе сабе большую ступень свабоды і часта змяшчае на сваіх старонках артыкулы на балючыя для ўладаў тэмы з нязменна аб’ектыўным асвятленнем фактаў ды падзеяў. Зрэшты, сур’ёзнай вольніцы ў рэдакцыйнай палітыцы не назіраецца, а адсотак вострых матэрыялаў займае невялікую частку.
Найбольшую свабоду слова ў рэгіёне па-ранейшаму маюць сайты “Салігорск Інфа” і САЛІГОРСК.org. У якасці пазітыву праваабаронцы адзначаюць вырашэнне тэхнічных праблемаў і абнаўленне дызайну апошняга. Аднак адсутнасць афіцыйнай рэгістрацыі хоць і дазваляе мець незалежную рэдакцыйную палітыку, аднак пазбаўляе больш шырокіх магчымасцяў для стварэння якасных уласных матэрыялаў, колькасць якіх на гэтых сайтах вельмі абмежаваная.
Бадай адзінай тэмай, пра якую часта пісалі і кантраляваныя ўладамі і незалежныя медыя, была праблема ўшчыльнення гарадской забудовы ў Салігорску. Вось толькі акцэнты на іх старонках розьніліся прынцыпова. Незалежныя СМІ жорстка крытыкавалі палітку ўшчыльнення, а прадзяржаўныя медыі спрабавалі ўсяляк абяліць мясцовыя ўлады ў іх спробах фактычнага знішчэння здаровага навакольнага асяродка ў беларускай сталіцы шахцёраў.