Жыхар Хоцімска скардзіцца міністру на супрацоўнікаў міліцыі
Жыхар Хоцімска Валерый Каранкевіч 23 лістапада накіраваў пісьмовую скаргу па імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Грамадскі актывіст звяртаецца да міністра з просьбай паведаміць яму аб выніках службовай праверкі Хоцімскага РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама з нагоды дапушчаных імі парушэнняў пры вядзенні адміністрацыйнага працэса па яго заяве і скарзе з нагоды абразаў і паклёпу на яго на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com.
Гэтыя заяву і скаргу Валерый Каранкевіч падаваў яшчэ ў красавіку і траўні гэтага года адпаведна, аднак супрацоўнікі магілёўскай міліцыі так і не здолелі знайсці інтэрнет-паклёпнікаў.
Валерый Каранкевіч у чэрвені вымушаны быў звярнуцца да міністра з просьбай правесці расследванне, выявіць асобаў, якія дапусцілі абразы і паклёп на яго адрас, прыцягнуць іх да адказнасці згодна Закона і даць яму пісьмовы адказ у ўстаноўленыя законам тэрмін, бо супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і Магілёўскага УУС не змаглі гэтага зрабіць і фактычна распісаліся ва ўласнай бездапаможнасці.
У адказе з міністэрства за подпісам часова выконваючага абавязкі начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадка і прафілактыкі МГБ МУС А. Г. Каразея Валерыю Каранкевічу паведамілі, што скончыўся двухмесячны тэрмін для вынясенны адміністрацыйнага пакарання , прадугледжанага арт. 9.3 (паклёп) КаАП, што з’яўляецца падставай для спынення адміністрацыйнай вытворчасці па справе.
Разам з тым у міністэрстве паведамілі Валерыю Каранкевічу, што супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама дапусцілі асобныя парушэнні пры разглядзе яго скаргаў. Спадара Каранкевіча паабяцалі праінфармаваць аб выніках службовай праверкі дадаткова.
Грамадскі актывіст сцвярджае, што ён так і не атрымаў інфармацыю аб выніках службовай праверкі да гэтага часу, і просіць міністра праінфармаваць, чаму гэта адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.