За ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага выклікаюць у міліцыю
Сябраў Сойму Партыі БНФ Сяргея Трафімчыка і Вітольда Ашурка зь Бярозаўкі выклікаюць у раённую міліцыю за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага, што традыцыйна ладзіцца ў Сьвіслачы.
- Мне патэлефанаваў мясцовы ўчастковы і паведаміў, што я павінен прыйсьці і азнаёміцца з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паводле словаў міліцыянта, выклік зьвязаны з маім удзелам у несанкцыянаванай акцыі напрыканцы кастрычніка ў Сьвіслачы, – адзначыў прэс-службе Партыі БНФ Сяргей Трафімчык.
Паводле ягоных словаў, азнаёміцца з пратаколам у міліцыю выклікаюць таксама Вітольда Ашурка.
Сяргей Трафімчык таксама паведаміў, што летась удзельнікаў акцыі ў Сьвіслачы таксама вінавацілі ў парушэньні Закону “Аб масавых мерапрыемствах”, некаторыя з актывістаў былі прысуджаныя да штрафаў.
Нагадаем, традыцыйнае ўшаваньне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага праходзіць у кастрычніку ў Сьвіслачы. Сёлета разам з паўстанцамі ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць актывіста са Сьвіслачы Віктара Дзясяціка, якога пахавалі, недалёка ад магілы Віктара Каліноўскага.