viasna on patreon

У дачыненні да Андрэя Мялешкі завялі трэцюю адміністрацыйную справу

2014 2014-11-14T11:11:26+0300 2014-11-14T11:11:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mialeshka-andrej-grodna-2.jpg
Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

Міліцыя прыходзіла да яго ў кватэру, каб узяць тлумачэнні наконт інтэрв'ю месячнай даўніны для “Беларускага Радыё Рацыя”.

Мялешку 13 лістапада патэлефанавалі з Ленінскага РАУС Гродна і сказалі, што ў дачыненні да яго заведзена новая адміністрацыйная справа па арт. 22.9 ч. 2 КаАП (“незаконы выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).Яго хацелі выклікаць у пастарунак, каб узяць тлумачэнні з нагоды інтэрв'ю з прафесарам гродзенскага ўніверсітэта Валерам Чарапіцам, але журналіст запатрабаваў афіцыйнай позвы.

Каля 16.30 прэс-служба ГА “БАЖ” патэлефанавала Андрэю Мялешку, але ён сказаў, што не можа размаўляць, бо ў яго кватэры знаходзіцца міліцыя.

Як высветлілася пазней, журналіста наведалі старшы лейтэнант аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Войцешка і прапаршчык Грынь, каб узяць тлумачэнні. "У мяне пыталіся, ці браў я ў прафесара Чарапіцы інтэрв'ю, калі гэта было, чым я займаюся, дзе працую... Яны сказалі, што ёсць некалькі сведкаў, якія пацвярджаюць, што гэтае інтэрв'ю было. Я ніякага пратакола не падпісваў, толькі тлумачальную, складзеную паводле маіх словаў", – распавёў прэс-службе ГА "БАЖ" Андрэй Мялешка.

Са словаў міліцыянтаў вынікала, што справа ўжо заведзеная і праз некалькі тыдняў будзе ў судзе.

Андрэя Мялешку сёлета ўжо двойчы штрафавалі за парушэнне арт. 22.9. ч.2 КаАП: першы раз – у чэрвені на 4 500 000 рублёў (30 базавых), другі – у кастрычніку на 5 250 000 рублёў (35 базавых). Нагодай былі артыкулы на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” пра акцыю гродзенскіх лекараў “За здаровае сэрца” і пра стварэнне ў вобласці экалагічнага заказніка.

Ён выключае версію звядзення з ім "асабістых рахункаў" кімсьці з міліцыянтаў, бо кожны раз адміністрацыйныя справы заводзяць розныя ўпраўленні. Мялешка мяркуе, што гэта працяг паслядоўнага плану ціску на неакрэдытаваных журналістаў замежных СМІ.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства