viasna on patreon

Змаганне з “дармаедствам” – папулістычныя захады часоў ваеннага камунізму

2014 2014-10-22T16:21:22+0300 2014-10-22T16:32:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-nn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Папулістычнымі захадамі часоў ваеннага камунізму назваў Валянцін Стэфановіч даручэнні прэзідэнта Лукашэнкі, скіраваныя на выкараненне  “ўтрыманства” і “дармаедства”, якія ён раздаваў 20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў краіне.  

Падчас нарады, у якой бралі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Мяжуеў, намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг даволі гучных заяваў, пра якія інфармавала БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта. 

Намеснік кіраўніка ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, зыходячы са зместу гэтага паведамлення, заявіў, што дзеля вырашэння праблемаў, звязаных з рынкам працы ў Беларусі, якія абмяркоўваліся падчас гэтай нарады, чамусьці прапаноўваюцца “выключна папулістычныя захады, якія больш падобныя на часы ваеннага камунізма - гэта і прымусовая мабілізацыя працоўнай сілы, і прымусовая праца пад пагрозай санкцый і іншыя падобнага кшталту рэчы”.  

Спасылкі кіраўніка дзяржавы на савецкую практыку пры кожным абмеркаванні гэтай праблемы праваабаронца называе недарэчнымі. “Па-першае, гэта быў зусім іншы лад – камуністычная дзяржава, а не дзяржава, якая будуе рынкавыя адносіны ў эканоміцы, у тым ліку ў сферы працы. Па-другое, паводле канстытуцыі Савецкага Саюза ўсе грамадзяне былі абавязаныя працаваць і такім чынам удзельнічаць у будаўніцтве сацыялістычнай дзяржавы. Адпаведна, асобы, якія не працавалі, прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за “дармаедства”, быў такі артыкул у Крымінальным кодэксе. Як і былі артыкулы за “бадзяжніцтва”, “жабрацтва”. То бок, калі мы хочам вярнуцца да савецкай практыкі, практыкі таталітарна-камуністычнай дзяржавы, то давайце будзем называць рэчы сваімі імёнамі”.  

Адбываецца падмена паняццяў  

Цяжка не пагадзіцца з тым, што напаўненне бюджэта Рэспублікі Беларусь грамадзянамі – гэта сапраўды праблема. Прэзідэнт заявіў, што 400 тысяч грамадзянаў не задзейнічаны ў эканоміцы краіны, і паставіў пытанне – за чый кошт яны жывуць. З такой тапорнай пастаноўкі пытання, як адзначае праваабаронца, пачынаецца падмена паняццяў. “Тут важна размежаваць дзве рэчы – права грамадзянаў на працу і абавязацельства грамадзянаў па выплаце падаткаў у выпадку атрымання даходаў. Гэта розныя праблемы. Калі грамадзяне працуюць за мяжой, ці працуюць у краіне і не выплочваюць падаткі – гэта прэрагатыва падаткавых органаў, задача якіх – прымаць нейкія захады, каб грамадзяне плацілі падаткі і рабілі выплаты ў сацыяльны фонд, і прыцягваць да ўстаноўленай законам адказнасці пры даказанасці факту ўхілення ад выплаты падаткаў. Калі гаворка вядзецца пра прымус да працы, то тут варта нагадаць, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праца - гэта права грамадзяніна, а не абавязак”, - падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.     

Асобна ён звяртае ўвагу на тое, як прапануецца вырашаць праблему працы абавязаных асобаў. “Як яны працуюць? У сістэму ЖКГ вы іх адпраўляеце. Уладкавалі і ўладкавалі - работнікі ЖКГ мучацца і пастаянна скардзяцца: то на працу не ходзяць, даводзіцца міліцыі іх за руку вадзіць, то яшчэ кудысьці штосьці. Чаму далей не робім крокі? Калі ён працаўладкаваны, абавязаны працаваць і не працуе, чаму мы далей не прымаем меры?” – запытваўся Лукашэнка ў удзельнікаў нарады. Праваабаронца нагадаў і пра ранейшыя выступы кіраўніка дзяржавы з прапановай стварэння працоўных лагераў, дзе такія грамадзяне будуць працаваць прымусова.  

Да ўсяго, прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву МУС наконт увядзення ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях “норму, якая дазваляе прыцягваць да адказнасці, у тым ліку да прымусовага працаўладкавання грамадзянаў, якія ў пэўны перыяд часу наўмысна не працуюць”. Прэзідэнт, спасылаючыся на савецкі досвед, даручыў вярнуцца да пытання юрыдычнага вызначэння тэрміну “ўтрыманцы”.

“У такім кантэксце, калі людзей будуць прыцягваць да працы пад пагрозай санкцый, гэта будзе цалкам адпавядаць паняццю “прымусовая праца”, якое даецца канвенцыямі Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама Пактамі ААН - Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах”, - канстатуе Валянцін Стэфановіч. Ён яшчэ раз падкрэслівае: калі грамадзянін не жадае працаваць – ён мае на гэта поўнае права. “Так, калі чалавек не працуе, то ён не атрымлівае заробку. Адпаведна, калі ён не можа аплочваць, напрыклад, камунальныя паслугі, яго маюць права выселіць з кватэры. Але чалавек сам выбірае такі лад жыцця. Да таго ж, у Беларусі афіцыйна існуе беспрацоўе. І ва ўмовах свабоднага рынка працы, наяўнасці беспрацоўя не зусім зразумела, як можна прыцягваць да адказнасці за тое, што хтосьці не працуе ў пэўны перыяд часу. Таксама існуюць папросту іншыя віды атрымання даходаў грамадзянамі. Напрыклад, людзі здаюць кватэры, атрымліваюць даход, з якога выплочваюць падаткі. Цікава, такіх грамадзянаў - якія не працуюць, але выплочваюць падаткі з даходаў - будуць залічваць да “дармаедаў” ці не? Ці “дармаедамі” будуць лічыцца толькі тыя, хто не працуе і не плоціць падатак і адлічэнні ў сацыяльны фонд? Але апошняе нелагічна, бо калі чалавек не працуе, а значыць і не мае даходу, то яму і няма з чаго плаціць падатак…”

Улады не прыслухоўваюцца да рэкамендацый ААН

Пытанне прымусовай працы ў Беларусі ў чарговы раз трапіла ў поле зроку ААН у сувязі з выхадам дакладу «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі», падрыхтаванага Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека і Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН, разгледзеўшы становішча спраў у Беларусі ў лістападзе 2013 года, зрабіў высновы, якія шмат у чым паўтараюць заключэнне і рэкамендацыі, змешчаныя ў дакладзе праваабаронцаў. Адна з асноўных рэкамендыцый Камітэта ААН беларускаму ўраду - адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і забяспечыць належную абарону правоў працоўных.

“Як мы бачым, урад не прыслухоўваецца да рэкамендацый Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН, у краіне ідзе праца па ўдасканаленні прававой базы для прыцягнення грамадзянаў да прымусовай працы, што мы лічам недапушчальным, - кажа Валянцін Стэфановіч. – Гэта парушэнне Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў у межах Пактаў ААН і канвенцыяў МАП. І са свайго боку мы вымушаныя будзем інфармаваць гэтыя структуры ААН, што Беларусь, на жаль, рухаецца ў такім кірунку”.

Паводле праваабаронцы, пытанне выкарыстання прымусовай працы таксама мусіць паўстаць падчас праходжання Беларуссю ў Савеце па правах чалавека ААН працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ў красавіку 2015 года.

Акрамя таго праваабаронца лічыць неабходным, у святле агучаных МУС ініцыятываў, азнаёміць гэтае міністэрства з рэкамендацыямі Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН. “Мяркую, што трэба даслаць у МУС рэкамендацыі Камітэта, каб пры распрацоўцы зменаў у КаАП яны яшчэ раз задумаліся пра тое, наколькі гэта адпавядае нашай Канстытуцыі і тым міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала беларуская дзяржава”, - кажа Стэфановіч. Праваабаронца таксама лічыць, што гэтыя рэкамендацыі варта даслаць і МЗС, які з’яўляецца адказным за кантроль за выкананнем міжнародных абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства