У Магілёве абмяркоўвалі “кругазварот былых асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў “вертыкалі”
У памяшканні грамадскага цэнтра “Кола” у Магілёве 19 кастрычніка адбыўся круглы стол, прысвечаны праблемам карупцыі і рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці.
Удзел у круглым стале прынялі журналісты з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны і спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, якія выступалі ў якасці экспертаў. Арганізавалі правядзенне мерапрыемства Выдавецкі цэнтр Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл і сябры Магілёўскай філіі ГА “БАЖ”.
Сваё бачанне рашэння праблемы карупцыйных злачынстваў і недапушчэння парушэння правоў працаўнікоў вёскі пры правядзенні рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў выказалі былыя намеснікі старшынь раённых выканаўчых камітэтаў Мікалай Гердзій і Валерый Каранкевіч, а таксама былыя кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўшчыны Рыгор Кастусёў і Пётр Мігурскі.
Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі на прыкладзе Шклоўскага раёна засяродзіў увагу прысутных на “кругазвароце былых асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў “вертыкалі”. “Не паспелі ў Шклове схлынуць жарсці па затрыманні намесніка старшыні райвыканкама за злоўжыванні на пасадзе, як зноў інфармацыйны бум – на яго месца прызначылі раней асуджанага былога старшыню райсавета М. Паўловіча (!). І дзе тут роля спадара Г. Лаўранкова, галоўнага прэзідэнцкага кантралёра па Магілёўскай вобласці, бо кадравыя перастаноўкі ўваходзяць у кола яго абавязкаў. Ці ўлада ўжо зусім меру згубіла ў гульнях з карупцыйнымі складнікамі? А можа гэтай уладзе некалі займацца карупцыяй і яна займаецца эканомікай? Ды не, бо зусім нядаўна той жа спадар Лаўранкоў на паседжанні аблвыканкама прызнаў, што эканамічная сітуацыя ў Магілёўскім рэгіёне пагаршаецца і неабходны аператыўныя меры па яе выпраўленні”.
Рыгор Кастусёў прааналізаваў стан спраў з злачынствамі карупцыйнай накіраванасці ў Магілёўскай вобласці па выніках васьмі месяцаў 2014 года, а Валерый Каранкевіч у сваім дакладзе падрабязна распавёў пра наступствы непрадуманых рэформ сельскагаспадарчых прадпрыемстваў для жыхароў сельскагаспадарчых рэгіёнаў на прыкладзе Хоцімскага раёна, акцэнтаваўшы ўвагу ўдзельнікаў круглага стала на канкрэтныя незаконныя дзеянні чыноўнікаў мясцовай “вертыкалі”.
Па выніках выступаў экспертаў адбылася працяглая дыскусія ўдзельнікаў сустрэчы наконт прыняцця неабходных мер для пераадолення карупцыных злачынстваў у Магілёўскай вобласці. Незалежныя журналісты задавалі экпертам самыя розныя пытанні і атрымлівалі на іх падрабязныя адказы з прывядзеннем канкрэтных прыкладаў. У межах круглага стала кожны з яго ўдзельнікаў мог унесці свае прапановы наконт таго, што неабходна зрабіць для забеспячэння пастаяннага кантролю з боку грамадзянскай супольнасці за органамі ўлады ў рэгіёнах.
У выніку абмеркавання ўдзельнікі круглага стала аднагалосна пагадзіліся, што практыку правядзення такіх вось нефармальных сустрэч патрэбна працягваць, яны вельмі карысныя і інфармацыйныя. Наступны круглы стол аналагічнай тэматыкі запланава правесці ў студзені 2015 года.
Матэрыялы з агучаных на круглым стале выступленняў экспертаў будуць апублікаваныя ў газеце “Магілёўскі Выбар” і іншых рэгіянальных незалежных выданнях Магілёўшчыны.