Баранавічы: Статкевіча-старэйшага павіншавалі з Днём настаўніка
Баранавіцкія грамадскія актывісты і праваабаронцы 3 кастрычніка наведалі і павіншавалі Статкевіча Віктара Паўлавіча, які 35 гадоў працаваў настаўнікам гісторыі, з прафесійным святам. Нягледзячы на нездавальняючы стан здароўя, Статкевіч-старэйшы гасцінна і зычліва прыняў наведвальнікаў у сваёй кватэры.
– Сёння мы больш абмяркоўвалі не мінулае, а цяперашняе становішча настаўнікаў, шмат гаварылі пра праблемы адукацыі ў Беларусі. Віктар Паўлавіч ужо больш за 20 гадоў не працуе ў школе, але добра ведае, што зараз настаўнікі маюць менш правоў, чым ў яго час. Ён падтрымлівае сувязі з былымі калегамі, таму перакананы, што моладзь не хоча працаваць у школе не толькі таму, што настаўнікам мала плацяць за працу, але найперш таму, што ў школе, як і паўсюль ў краіне, няма свабоды, – паведаміў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.
Госці, безумоўна, пагаварылі з гаспадаром і пра ліставанне з палітвязнем Мікалаем Статкевічам, пра падзеі ва Украіне, пра нядаўнія пагрозы невядомых асоб ў адрас Віктара Паўлавіча і яго сям’і.
Развіталіся з пажаданнямі здароўя, надзеяй на Бога і добрых людзей.