Суд па справе Наталлі Бордак заняў некалькі хвілінаў
19 верасня ў Мінскім абласным судзе адбыўся пяты па лiку працэс па справе актывiсткі аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Наталлі Бордак.
Суддзя Анатоль Дабрадзей пакінуў у сіле ранейшую пастанову аб пакаранні Наталлі штрафам у 3,75 млн рублёў за плакат "НЕ— пуцiнскай вайне з Украiнай”, паведамляе прэс-служба БХД.
Суддзя прыняў рашэнне за некалькі хвілінаў, не звяртаючы ўвагі на папярэднюю пастанову Мінскага абласнога суду ад 24 чэрвеня.
У залі суда фота і відэа запіс быў забаронены.
Наталлю прыйшлі падтрымаць сябры аргкамітэту БХД і Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай. Некалькі дзён таму малюнкі мастачкі з Нясвіжу былі дасланыя па пошце грамадскім актывістам з Кіева ў знак салідарнасці з народам Украіны.