Салігорск: БХК праводзіць асветніцкую праграму
Асветніцкая кампанія, інфармуючая у тым ліку пра правільныя паводзіны грамадзян пры стасунках з людзьмі ў пагонах, стартавала напрыканцы ліпеня ў сталіцы шахцёраў. Сваімі парадамі з гэтай нагоды дзеліцца салігорскі праваабаронца Беларускага Хельсінскага Камітэту Леанід Мархотка.
- Леанід Андрэевіч, што найперш неабходна ведаць грамадзяніну, калі да яго падыйшоў супрацоўнік міліцыі?
- Найперш неабходна папрасіць яго прадставіцца і паказаць сваё службовае пасведчанне. Далёка не заўсёды міліцыянты робяць гэта самастойна, але такі просты крок часта прымушае прадстаўнікоў праваахоўных органаў весці сябе больш карэктна. Але, заўважу, што і вы мусіце размаўляць максімальна спакойна і ветліва.
- Грамадзяне часта суткаюцца з патрабаваннямі міліцыянтаў паказаць ім змесціва сваёй сумкі, кішэняў ці, напрыклад, паказаць дакументы. Гэта нарамальна?
- Паводле закона “Аб органах унутраных справаў”, праверыць дакументы супрацоўнікі міліцыі могуць толькі для ўстаноўлення асобы ці пры падазрэнні ў здзяйсненні вамі злачынства ці адміністрацыйнага правапарушэння. І ён абавязаны вам пра гэта паведаміць. Ад няма чаго рабіць правяраць у вас дакументы ніхто не мае права. Адзначу, што ў любым разе вы маеце права паказваць дакумент са сваіх рук, не перадаючы яго супрацоўніку міліцыі.
Што да прагляду вашых асабістых рэчаў, дык тым жа законам такое права супрацоўнікам органаў унутраных спраў даецца толькі датычна асоб, афіцыйна затрыманых на законных падставах. Калі міліцыянт беспадстаўна просіць вас паказаць вашу сумку, вы маецца права адмовіцца. Прапускны рэжым на аэрадромах, вакзалах, стадыёнах, у тым жа метрапалітэне, на масавых мерапрыемствах дае права міліцыянтам рабіць асабісты дагляд грамадзян і іх рэчаў. Зрэшты, вы можаце запатрабаваць зрабіць гэта з складаннем адпаведных дакументаў і ў прысутнасці панятых.
- А што рабіць, калі мяне спрабуюць затрымаць і даставіць у міліцэйскі пастарунак?
- Па-першае, затрыманне не можа быць адвольным. Схема “прайдзёмце - а што я зрабіў? - там разбярэмся” заканадаўствам не прадугледжана. На затрыманне мусяць быць законныя падставы. Міліцыянты -- гэта афіцыйныя асобы. Усе нашы стасункі з імі рэгламентуюцца законам.
Калі вы рэальна нешта парушылі, дык гэта мусіць быць афіцыйна аформлена пратаколам. Да таго ж у пастарунак вам могуць даставіць, толькі калі на месцы гэта зрабіць немагчыма. Напрыклад, у вас адсутнічае пашпарт, і міліцыі неабходна ўстанавіць вашу асобу.
З моманту вашага затрымання вы маеце права на абаронцу. Да яго з’яўлення вы можаце не адказваць на пытанні, не падпісваць пратаколы, не ўдзельнічаць у працэсуальных дзеяннях. Настойліва рэкамэндую пра сваё затрыманне паведаміць родным ці сябрам, пры гэтым агучыць ім імя і прозвішча супрацоўніка міліцыі. Калі не маеце магчымасці зрабіць гэта самастойна, патрабуйце гэтага ад міліцыі.
- А што рабіць, калі супрацоўнік міліцыі ігнаруе ўсе гэтыя патрабаванні закону?
- Найперш трэба самому прытрымлівацца заканадаўчых норм. Нават ігнараванне гэтых норм супрацоўнікамі ў форме не мусіць стаць падставай для супрацьпраўных дзеянняў з вашага боку. У нашай дзяржаве, на жаль, далёка не заўсёды пагоны на плячах з’яўляюцца гарантыяй безумоўнага прытрымлівання літары закону з боку іх уладальнікаў.У такіх выпадках важна прадэманстраваць сваю прававую абазнанасць. Не прад’яўляеце дакументы, пакуль супрацоўнікі міліцыі не пакажуць свае. Паказвайце цвёрдасць і настойлівасць, ні ў якім разе не дазваляйце сабе грубасці і аказання фізічнага супраціву. Важна весці сябе ветліва і спакойна. Кажаце на паўтону ніжэй за міліцыянта і ўвесь час называйце яго па прозвішчы, скажам, сяржант Хаміцэвіч. Можаце нават згадаць пра Беларускіх Хельсінскі Камітэт.Зрэшты, вы заўсёды можаце звярнуцца па дапамогу да нас ці да іншай праваабарончай арганізацыі, дзе вам дапамогуць скласці скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў тую ж пракуратуру. Калі кожны грамадзянін будзе актыўна адстойваць свае правы, дык і прадстаўнікі праваахоўны органаў будуць паводзіць сябе больш дысцыплінавана.