Гродна: імклівы разгляд касацыйнай скаргі
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе разглядалася скарга журналіста Беларускага Радыё Рацыя Андрэя Мялешкі на рашэнне Кастрычніцкага раённага суда Гродна, які прызнаў яго вінаватым ў вырабе інфармацыйнай прадукцыі без акрэдытацыі для замежнага СМІ.
Суд прайшоў ў імклівым рэжыме. Усяго дзесяць хвілін спатрэбілася суддзі Аляксею Цвяткову, каб разгледець ўсе тонкасці і нюансы справы і не задаволіць скаргу Андрэя Мялешкі. Суддзя задаў толькі некалькі пытанняў і пакінуў рашэнне першай судовай інстанцыі ў сіле.
Андрэй Мялешка не збіраецца здавацца і будзе абскарджваць гэтае рашэнне ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.
Не адбылося і без маленькага скандалу. На самым пачатку дзяжурны супрацоўнік міліцыі не пускаў у судовую залу гродзенскага праваабаронцу Віктара Сазонава. Свае дзеянні ён тлумачыў тым, што ў яго ёсць загад не пускаць нікога, акрамя удзельнікаў працэсу. Таксама ён сцвярджаў, што ў зале няма месца. Пасля таго, як выйшаў Андрэй Мялешка і абвесціў, што зала пустая, а Віктар Сазонаў настойваў на ўзгадненні такіх дзянняў міліцыі з сакратарыятам, міліцыянт некуды затэлефанаваў, яшчэ раз перапытаў прозвішча праваабаронцы і зноў падцвердзіў, што таму на суд патрапіць нельга. І толькі рашэннем суддзі пасля патрабавання Андрэя Мялешкі праваабаронца патрапіў на гэты працэс, які скончыўся так імкліва.
Нагадаем, што гродзенскі журналіст Беларускага Радыё Рацыя Андрэй Мялешка быў абвінавачаны ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі і аштрафаваны.