З чорнага спіса ЕС выключаны восем прозвішчаў з Беларусі
Рада Еўрасаюза выключыла восем прозвішчаў са спіса прадстаўнікоў Беларусі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі, паведамляе прэс-служба Рада ЕС. Разам з тым адно прозвішча ў спіс дададзена (старшыня шклоўскага раённага суда Віталій Волкаў).
«У святле сур'ёзнай занепакоенасці ў сферы правоў чалавека, адзін чалавек дададзены ў спіс санкцый, — гаворыцца ў паведамленні. — Разам з тым рада мяркуе, што больш няма падстаў для знаходжання ў гэтым спісе васьмі чалавек».
Нагадаем, Еўрасаюз аднавіў дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі пасля жорсткага разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года.
29 кастрычніка 2013 года дзеянне санкцый працягнулі на год - да 31 кастрычніка 2014 года. «Гэта адбылося ў сувязі з тым, што палітычныя вязні да гэтага часу не вызваленыя, а паляпшэнняў у сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца», - гаварылася тады ў паведамленні прэс-службы ЕС.
Пасля перагляду санкцый у спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і чые фінансавыя сродкі ў ЕС павінны быць замарожаныя, 232 прозвішчы.
Акрамя таго, санкцыі працягваюць дзейнічаць у дачыненні да 25 беларускіх прадпрыемстваў.