26 чэрвеня распачнецца судовы працэс у абарону Курапатаў
26 чэрвеня а 15.00 у судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Іван Майсейчык распачне разгляд грамадзянскай справы супраць Генеральнай пракуратуры ў абарону Курапатаў.
У скарзе, накіраванай у гэты суд 17 сакавіка, прадстаўнікі грамадскасці прасілі абавязаць Генеральную пракуратуру зрабіць захады для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такім чынам павінна быць выканана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 г.
Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаеў.
Аднак 24 сакавіка суддзя суду Цэнтральнага раёну сталіцы Іван Майсейчык адмовіўся разглядаць скаргу прадстаўнікоў грамадскасці ў абарону Курапатаў. Сярод матываў адмовы — і тое, што сп. Нямковіч не паказаў свайго пасведчання старшыні арганізацыі, хоць ён мог гэта зрабіць на пасяджэнні, якога не было; і неіснуючыя "адносіны ў пытанні ажыццяўлення права ўласнасці" паміж заяўнікамі і "БелРэстІнвестам", і тое, што Генпракуратура "не разглядала зварот заяўнікаў па сутнасці", а таму і абскарджваць нібыта няма чаго. Да таго ж у парушэнне часткі 3 артыкулу 16 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзя Іван Майсейчык сваю пастанову ад 24 сакавіка накіраваў заяўнікам па-руску, нягледзячы на тое, што скарга ў суд была выкладзена на беларускай мове.
Заяўнікі палічылі незаконнай, беспадстаўнай і падлеглай скасаванню пастанову суду Цэнтральнага раёну, які адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу супраць Генпракуратуры, і накіравалі ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду прыватную скаргу на пастанову суддзі Івана Майсейчыка з просьбай адмяніць яе і перадаць пытанне на разгляд у той жа суд першай інстанцыі.
Сваёй пастановай ад 22 мая судовая калегія Мінгарсуду пад старшынствам Наталлі Жупікавай падтрымала пазіцыю заяўнікаў і абавязала суд першай інстанцыі ўзбудзіць грамадзянскую справу па скарзе абаронцаў Курапатаў супраць Генеральнай пракуратуры.