viasna on patreon

Амапавец збіў 16-гадовага падлетка на рок-канцэрце

2014 2014-05-28T10:37:08+0300 2014-05-28T10:37:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja-00.jpg

Паход на канцэрт скончыўся для Паўла Панамарэнкі бальнічным ложкам.

«Салідарнасць» высвятляла падрабязнасці інцыдэнту.

Паход на канцэрт гуртоў Korn і Soulfly у Менску 17 траўня ў менскі Палац спорту для Паўла Панамарэнкі скончыўся на бальнічным ложку. Лекары дыягнаставалі ў яго страсенне мозгу. Павел сцвярджае, што яго ўдарыў спецназавец. Бацькі напісалі заяву, патрабуючы пакараць вінаватага.

У Паўла быў квіток на танцпол, ён знаходзіўся ля самай сцэны, каля агароджы. У канцэртнай мітусні хлопца некалькі разоў штурханулі ў спіну.

- Ведаеце, як гэта на такіх канцэртах бывае. Там усё штурхаюцца. Мяне два ці тры разы штурхнулі, я пры гэтым ссунуў агароджу. Амапавец, які побач стаяў, двойчы зрабіў мне заўвагу. А потым падышоў, схапіў за майку і ўдарыў галавой у твар, - распавёў ён.

Павел падкрэслівае, што да гэтага з міліцыянтам у яго не было непасрэднага кантакту. Калі яго штурхалі на агароджу, і яна зрушвалася, амапаўца яна не краналася.

«Не перастанеш тузацца - патопім у рацэ»

Хлопец не разгубіўся і стаў патрабаваць у міліцыянта назваць імя і прозвішча:

- Амапавец не называў сябе. Пытаўся, навошта мне гэта трэба. Я сказаў, што збіраюся пасля канцэрту паведаміць начальніку аховы.

Па словах Паўла, да іх падышоў іншы амапавец (старшы за па званні), выслухаў яго. Пасля гэтага спецназаўцы параіліся, і старшы па званні прапанаваў яму выйсці на вуліцу для размовы.

- Спачатку я не хацеў ісці на вуліцу , але потым пагадзіўся. Там быў нейкі міліцэйскі начальнік.

Павел кажа, што распавёў пра здарэнне і яму. Пасля гэтага хлопцу было прапанавана прайсці медыцынскі агляд. Ён сказаў, што без бацькоў нікуды не паедзе:

- Тады мяне проста схапілі і пацягнулі ў машыну. Я спрабаваў вырывацца, брыкацца. Адзін з амапаўцаў сказаў, што калі не перастану, то мяне патопяць у рацэ.

«Патэлефанавалі, сказалі - забірайце сына»

Паўла спачатку завезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна за накіраваннем. Затым на агляд, і пасля гэтага вярнулі зноў у РУУС. Паводле яго слоў, патэлефанаваць бацькам яму дазволілі толькі ў дванаццаць гадзін ночы. Інцыдэнт з міліцыянтам адбыўся на пачатку дзесятай.

- Патэлефанавалі з мабільнага, сказалі ехаць у РУУС забіраць сына, - распавядае Андрэй Панамарэнка, бацька хлопца. - Я папрасіў даць трубку сыну, але супрацоўнік заявіў, што тэлефануе з асабістага тэлефона і не абавязаны даваць яго. Я сказаў, каб мне далі нумар аддзела і тады ён даў тэлефон. Сын адразу пачаў расказваць пра тое, што здарылася, пасля чаго ў яго адразу забралі тэлефон.

Бацькоў у той момант не было ў горадзе. За хлопцам у міліцыю адправілася бабуля. Паводле яе слоў, прыйшлося больш за гадзіну хадзіць па кабінетах . Прыкладна ў дзве гадзіны ночы Паўлу стала дрэнна, яго ванітавала. Толькі тады яму выклікалі медыкаў.

- Увесь гэты час у РУУС знаходзіліся тыя самыя супрацоўнікі АМАПа. Убачыўшы «хуткую», сталі весяліцца, маўляў, ад нас нават дадому «хуткая» забірае, такі клопат, - кажа бацька Паўла.

Ён напісаў заяву аб збіцці сына. А таксама ў ГУУС, з просьбай узяць пад кантроль справу.

- Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Мне сказалі, што заведзеная справа па гэтым факце. Займаецца Следчы камітэт па Цэнтральным раёне.

Андрэй Панамарэнка кажа, што да гэтага часу не ведае, хто з амапаўцаў ударыў яго сына.

23 траўня Паўла выпісалі з лякарні, зараз ён знаходзіцца пад наглядам у тэрапеўта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства