Міністр МУС заявіў, што «прэвентыўных затрыманняў» няма
Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, размаўляючы з журналістамі 14 мая ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што ўсе грамадскія актывісты, затрыманыя перад адкрыццём чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні.
"Няма і быць не можа такой дэфініцыі як "прэвентыўнае затрыманне". Затрыманні былі тых асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні - хуліганства, непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і гэтак далей. Такія затрымання былі, ёсць і будуць працягвацца", - цытуе кіраўніка МУС БелаПАН.
Нагадаем, напярэдадні адкрыцця і падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі, пераважна ў Мінску, прайшлі масавыя затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актывістаў затрымліваюць па сфабрыкаваных і аднатыпных абвінавачваннях у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Затрыманых і арыштаваных ўжо больш за 30 чалавек, некаторых актывістаў апазіцыі міліцыя працягвае шукаць.
Праваабаронцы звязваюць тое, што адбываецца, з імкненнем уладаў ізаляваць апазіцыйных актывістаў на час правядзення чэмпіянату свету.