Пастару Антонію Бокуну адмаўлялі ў СІЗА ў леках
Сёньня ў 11.50 выйшаў на свабоду са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка ГУУС Менгарвыканкаму пастар менскай царквы ХВЭ “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун. Перад дзьвярамі турмы пастара сустракалі ягоная сям’я, япіскап Аб’яднанай царквы ХВЭ па Менскай вобласьці Сяргей Цвор, вернікі, сябры і журналісты.
Пастар быў асуджаны на трое сутак судом Цэнтральнага раёну Менску за арганізацыю “несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”. Антоні Бокун сказаў, што першыя суткі “сядзелася добра”, бо сядзеў з палітвязьнямі, студэнтамі, якія пратэставалі супраць адмены льготаў. А апошнія двое сутак было больш складана, бо “сядзеў з алькаголікамі”.
Па звестках інфармацыйнага цэнтру «Эвангельская Беларусь», яшчэ высьветлілася, што пастару, які пакутуе на высокі ціск, міліцыянты не перадалі лекі і таму ў турму давялося выклікаць хуткую дапамогу.
Паводле Антонія Бокуна “ўлада сваімі дзеяньнямі ўцягвае царкву ў палітыку”.