Улады не аддаюць кляштар бернардынаў
28 траўня абаронцы менскага кляштарнага комплексу XVII стагодзьдзя Івона Мацукевіч і Ганна Сіўчык сустрэліся з кіраўніком Менгарвыканкаму Міхаілам Паўлавым. На гэтай сустрэчы актывісткі ад імя вернікаў спрабавалі даведацца пра лёс кляштара і касьцёла бэрнардынаў, якія ўлады плянуюць перабудаваць пад гасьцінічны комплекс.
Паводле слоў Івоны Мацукевіч, на сустрэчы Міхаіл Паўлаў заявіў, што «яны — улада і яны вырашаюць, што будуць будаваць і як будуць выкарыстоўваць той ці іншы будынак». Кіраўнік Менгарвыканкаму пацьвердзіў ранейшыя пляны перабудовы кляштару пад гандлёва-бытавы і гасьцінічны комплексы, паведамляе “Наша Ніва”.
На пытаньне пра лёс касьцёлу Паўлаў адказаў, што будынак храму будзе перададзены ў камунальную ўласнасьць і прыстасаваны пад аб’ект культурна-бытавога прызначэньня. Разам з гэтым, Паўлаў запэўніў, што будынак касьцёлу ня будзе «зьняслаўлены».
Падчас гутаркі Міхаіл Паўлаў спаслаўся на экспэртызу будынкаў, праведзеную Міністэрствам культуры, якая ня выявіла ў іх «нічога сьвятога».
— Калі мы папрасілі яшчэ раз падумаць, мэр сказаў, што «Мы так вырашылі, мы — ўлада, нам трэба карміць людзей», — кажа Івона Мацукевіч.
Спадарыня Івона таксама паведаміла, што ў абарону менскай сьвятыні сабрана больш за 12000 подпісаў з усяго сьвету. Аднак на зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта ніякага адказу няма.
Тым часам, вядзецца падрыхтоўка да будаўнічых прац у кляштары, а вернікі працягваюць маліцца за вяртаньне сьвятыні й верыць у цуд.